Вы тут

"Акіян" застаўся без лускі, хоць "Віталюр" быццам бы не збіраўся яе прыбіраць

Тут была крама "Акіян" / Еўрарадыё

Мінская крама "Акіян" засталася без легендарнай лускі. Рабочыя знялі яе ў рамках рэканструкцыі, распачатай пасля таго, як крама змяніла ўласніка.

"Акіян" запрацаваў 45 гадоў таму. Фішкай крамы былі рыбныя тавары, таму сцены аформілі бліскучай луской сталёвага колеру. Яе мантавалі нямецкія спецыялісты. Яна запомнілася пакупнікам, крама хутка стала мінскай славутасцю.

Так крама выглядала раней / TUT.by
Так крама выглядае ўнутры цяпер / Еўрарадыё

Новы ўладальнік крамы — гандлёвая сетка "Віталюр". Менавіта яе зусім нядаўна крытыкавалі за радыкальную рэканструкцыю мадэрнісцкага ўніверсама "Фрунзенскі". Яшчэ адна савецкая крама — гандлёвы цэнтр "Шчасце" — у працэсе рэканструкцыі ледзь не страціла мазаіку са смальты. Яе ўжо былі пачалі зафарбоўваць белай фарбай. Але пасля таго як супраць выступілі мясцовыя жыхары, мазаіку давялося адмываць.

Першы ўніверсам у Мінску

Першая крама, за рэканструкцыю якой "Віталюру" дасталося ад мінчукоў, — гэта ўнівермаг "Фрунзенскі" на станцыі метро "Пушкінская". "Фрунзенскі", пабудаваны ў 1973 годзе, быў, па сутнасці, першай універсальнай крамай у Мінску з уласнай назвай. 

Універсам "Фрунзенскі" / by24.org

Пасля будаўнічых работ фасад крамы страціў першапачатковае аблічча. Гэта абурыла гараджан і архітэктара Вальмена Аладава, які ў свой час праектаваў "Фрунзенскі". Адказваючы на пытанне журналіста "Белсата" пра ацэнку новага аблічча будынка, Аладаў сказаў: "Гэта крымінальшчына. Я б гэтых людзей судзіў". У "Віталюры" ж пракаментавалі рэканструкцыю так:

— У дачыненні да аб'екта на Пушкіна, 37 мы захоўваем межы будынка і праводзім усе неабходныя дзеянні для гарантавання бяспекі і эфектыўнай эксплуатацыі. Абмежаванняў з боку камітэта архітэктуры не было. Праект узгоднены, у тым ліку мадэрнізацыя фасада.

У адміністрацыі Фрунзенскага раёна заявілі, што аб'ект даўно меў патрэбу ў рэканструкцыі. Вось яго і рэканструявалі.

Луска "Акіяна"

"Віталюр" плануе адкрыць свае крамы на месцы "Акіяна" і "Шчасця" ўжо сёлета. Як толькі з'явілася інфармацыя, што рэканструкцыяй "Акіяна" будзе займацца "Віталюр", мінчукі, якія яшчэ не забыліся пра жарсці вакол "Фрунзенскага", стварылі петыцыю з просьбай захаваць назву крамы і не чапаць луску.

— Інтэр'ерныя рашэнні ў былой краме "Акіян" у стадыі распрацоўкі. Як толькі інтэр'ер будзе ўзгоднены, мы зможам даць каментары, — так у "Віталюры" пракаментавалі Еўрарадыё ход рэканструкцыі.

На злітых у сакавіку рэндарах "Віталюра" луску арганічна ўпісалі ў інтэр'ер крамы. Аднак, мабыць, пазней планы гандлёвай сеткі на металічнае аздабленне памяняліся.

Злітыя рэндары / koko.by

Мазаіка "Шчасця"

Яшчэ адзін новы пункт "Віталюра" — магазін "Шчасце", адкрыты ў 1979 годзе як "прыбудова грамадска-бытавога абслугоўвання" непадалёк ад дзевяціпавярховікаў на праспекце Незалежнасці. Разам яны фармавалі парадны ўезд у сталіцу БССР з боку Масквы. На тарцах дамоў — знакавыя мазаічныя пано Аляксандра Кішчанкі.

Рэканструкцыя "Шчасця" ў мінулым месяцы таксама абурыла гараджан: будаўнікі зафарбавалі белым арыгінальную залацістую мазаіку са смальты.

— Генацыдзяць белай фарбай арыгінальную залацістую мазаіку. Будынак набудзе фірмовыя чорныя элементы. І адпаведна, страціць цэласнасць архітэктурнага ансамбля з двума іншымі аб'ектамі комплексу — кнігарняй і рэстаранам "Арбат". Куды глядзіць архнагляд, калі ён яшчэ існуе, незразумела,напісаў мінчук Дзмітрый Андрушын.

Беларусы запусцілі петыцыю ў абарону мазаікі і 9 сакавіка адправілі яе ў Мінгарвыканкам і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва з больш чым 2000 подпісаў. Аўтары петыцыі заяўляюць, што зафарбоўваць залацістыя мазаічныя ўстаўкі незаконна: яны выкананы з той жа смальты, што і вядомыя мазаікі на тарцах дамоў. Праз некалькі дзён мазаіку пачалі адмываць ад фарбы.

— Мазаіка на краме "Шчасце" застаецца ў зыходным выглядзе, — адказалі Еўрарадыё прадстаўнікі "Віталюра".

Смальта на краме "Шчасце" / TUT.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.