Савіных: Анкара ад мора далёка – нішто не будзе перашкаджаць працаваць

Еўрарадыё: Ці стала для вас нечаканым прызначэнне амбасадарам у Турцыі?

Андрэй Савіных: Ну, нечаканым яно дакладна не было! Давайце так: прызначэнне амбасадарам у Турцыю і Ірак – гэта вельмі адказнае даручэнне, бо гэтыя краіны з’яўляюцца важнымі і знешнепалітычнымі, і знешнегандлёвымі партнёрамі Рэспублікі Беларусь. Прычым, у Турцыі палітычны дыялог развіваецца вельмі інтэнсіўна. Тут, хутчэй, нашы гандлёва-эканамічныя сувязі адстаюць. Мы гэтага трываць не будзем і хочам нарасціць і кантакты, і сумесныя праекты з Турцыяй. Па шматлікіх кірунках. Нашы эканомікі падобныя, таму трэба шукаць кропкі, дзе мы можам дапаўняць адзін аднаго і выгадна працаваць як паміж сабой, так і на трэція рынкі.

Ірак – таксама вельмі цікавая краіна. Краіна, якая сёння ўзнімаецца з руін. Мы можам прапанаваць іракскаму кіраўніцтву, іракскаму бізнэсу шмат цікавых праектаў. Прадукцыя, якая адрозніваецца вельмі добрымі суадносінамі “кошт-якасць”, мы ўпэўненыя, будзе запатрабаваная ў гэтай краіне. Таму, задачы ставяцца не проста дасягнуць даваеннага ўзроўню двухбаковых узаемаадносінаў, але і значна перавысіць яго ў аб’ёмах гандлю і беларускага экспарту.

Еўрарадыё: Якія ў нас сёння палітычныя ўзаемаадносіны з Турцыяй, краінай, якая імкнецца стаць сябрам Еўрасаюза?

Андрэй Савіных: У нас дасягнуты вельмі высокі ўзровень узаемаразумення з Турцыяй практычна па ўсіх пытаннях павесткі дня. У тым ліку і па міжнароднай павестцы дня. Мы канструкцыйна ўзаемадзейнічаем у міжнародных арганізацыях, мы актыўна развіваем і дамоўна-прававую базу двухбаковага супрацоўніцтва, і палітычныя кантакты. Мы скіраваныя на развіццё знешняга гандлю. Самае цікавае, што ў пэўных галінах мы канкурыруем, а ў іншых – дапаўняем адзін другога. Прынцыпы, на якіх будуецца беларуская знешняя палітыка, гэта найперш – прынцыпы супрацоўніцтва і добрасуседства. Таму мы будзем шукаць кропкі сутыкнення і тыя сферы, дзе мы можам актыўна ўзаемадзейнічаць. Я ўпэўнены, што такіх сфер будзе вельмі шмат.

Еўрарадыё: Ці была ў вас магчымасць выбару – куды паехаць амбасадарам?

Андрэй Савіных: Я не буду казаць пра дэталі кадравага працэсу падбору на тыя ці іншыя пасады, але магу сказаць, што я гэтым прызначэннем задаволены і гляджу на сваю будучую дзейнасць у гэтым рэгіёне вельмі пазітыўна. Я прыкладу ўсе намаганні, каб Рэспубліку Беларусь там ведалі як мага больш людзей. Як у сферы бізнэсу, так і ў сферы палітыкі і сярод навуковых, культурных, грамадскіх колаў гэтых краін.

Еўрарадыё: Няма асцярогаў – там час ад часу тэракты здараюцца?..

Андрэй Савіных: Ну, тэракты зараз адбываюцца па ўсім свеце. У такім выпадку небяспечна ехаць і ў Злучаныя Штаты Амерыкі. І, па сутнасці, ад гэтай хваробы 21 стагоддзя не свабодная ніводная краіна свету. Я ўпэўнены, што Турцыя – дастаткова стабільная краіна. Я еду туды працаваць і ўпэўнены, што ўсё будзе добра!

Еўрарадыё: Вам будуць зайздросціць усе тыя, хто марыць з’ездзіць у Турцыю на адпачынак!

Андрэй Савіных: Хачу азначыць, што Анкара знаходзіцца ў цэнтры краіны, на вышыні 1000 метраў над узроўнем мора. Таму, для працы там умовы выдатныя – нішто не адцягвае ўвагі!

Еўрарадыё: Вы адразу везяце з сабой сваю сям’ю?

Андрэй Савіных: Так, жонка едзе са мной адразу.

Еўрарадыё: Хто замест вас будзе кіраўніком прэс-службы МЗС Беларусі?

Андрэй Савіных: А вось гэта рашэнне прыме ў бліжэйшы час міністр замежных спраў Беларусі.

Еўрарадыё: Калі з’язджаеце на новае месца працы?

Андрэй Савіных: Мяркую, што цягам месяца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі