"Сапраўдны герацыд!": прыхільніцу Лукашэнкі не пускаюць у салон прыгажосці

Скрыншот са сторыс у "Інстаграме"
Скрыншот са сторыс у "Інстаграме"

Як вядома, прыгажосць патрабуе ахвяр. Вось і адна з прыхільніц Аляксандра Лукашэнкі стала ахвярай — ад гэтага часу яе перасталі пускаць у мінскі салон прыгажосці "Egoist&ka", размешчаны на Лагойскім тракце. Як расказала ў сторыс сама дзяўчына, прычынай адмовы паслужыла яе грамадзянская пазіцыя: маўляў, "забацек" у салоне не прымаюць. Абураная дзяўчына назвала работнікаў салона "фашыстамі" і заклікала супраць іх змагацца. Таксама дзяўчына цяпер шукае новы салон прыгажосці, у якім яе пагодзяцца абслужыць.

У салоне прыгажосці з пазіцыяй дзяўчыны не згодныя. Абслугоўваць яе не сталі з прычыны таго, што яна пастаянна гаварыла пра палітыку. А салон прыгажосці — не мітынг і не кухня.

— Гэта зусім не так. Мы вельмі добра да яе ставіліся, заўсёды абслугоўвалі. Але калі была просьба пра тое, каб яна пра сваю палітычную пазіцыю не гаварыла ў салоне, яна гэта праігнаравала, — тлумачыць адміністратар салона Зарына. — Яна вяла нейкую сваю прапаганду. Мы запрашаем людзей для адпачынку. Мы абслугоўваем абсалютна ўсіх. Але ў гэтым выпадку пайшлі нейкія асабістыя адносіны, таму што чалавек па-добраму не разумее.

Адміністратар адзначае, што работнікам абсалютна ўсё роўна, за каго галасаваў кліент. Але на час знаходжання ў салоне лепш трымаць сваё меркаванне пры сабе, бо паралельна там знаходзіцца шмат людзей.

— Да нас людзі прыходзяць з рознай пазіцыяй. У нас яна свая, у вас свая, у іншых людзей свая. Усе сустракаюцца ў салоне не для таго, каб паслухаць гэту даму.

Дзяўчыну, якая з ёй працавала, яна мінулы раз давяла да слёз. І мы вырашылі, што раз чалавек працуе з колюча-рэжучымі прадметамі, то няма сэнсу падводзіць пад небяспеку чалавека. Ніхто яе не абражаў, ніхто не прыніжаў.

Людзі прыходзяць да нас адпачываць, мы прымаем усіх. У нас няма падзелу на чырвоных, белых, зялёных, аранжавых і іншых. Мы лічым, што прыгажосць выратуе свет — вось наш лозунг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі