Беларускія флэшбэкі. Што такое ПТСР і як з ім справіцца

ПТСР

ПТСР / @rubanau_collage

Беларусам, якія бачылі вайну, у грукаце трамвая могуць чуцца выбухі. Беларусы, якія перажылі рэпрэсіі, могуць заміраць, калі маршрутка пад'язджае да прыпынку — яна выклікае асацыяцыі з бусікамі сілавікоў.

Усё гэта — праявы посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР).

Мы папрасілі псіхолага рэабілітацыйнага цэнтра "Ланка" Таццяну Данцову патлумачыць, у якіх выпадках нашыя рэакцыі — звычайны адказ арганізма на стрэс, а ў якіх гаворка ідзе пра ПТСР (і што з ім рабіць).

 

"Раней гэта называлі "сіндромам афганца"

Яшчэ трыццаць гадоў таму пра ПТСР у нас ніхто не ведаў. Але людзі заўважалі, што вайскоўцы, якія пабывалі ў Афганістане, паводзяць сябе "неяк не так".

Тады гэта называлі "сіндромам афганца". Так казалі пра людзей, якія вярталіся з зоны баявых дзеянняў, пра людзей, якія бачылі смерць. Пра іх ішла нядобрая слава — маўляў, могуць не вельмі адэкватна паводзіць сябе ў грамадстве.

Можна дапамагчы чалавеку зарыентавацца ў спакойнай абстаноўцы. Звяртаць яго ўвагу на дэталі, якія яго мозг будзе ўспрымаць як сігналы бяспекі. Напрыклад: "А ты заўважыў тую сабаку? Як табе марозіва? Хочаш кавы?" Гэта не адцягванне ўвагі, а дапамога ў арыентацыі. І вы заўважыце, што паступова стан чалавека будзе мяняцца.

Колькі часу патрабуецца на працу з ПТСР? Шмат што залежыць ад першапачатковых установак нервовай сістэмы, ад таго, што ў анамнезе ў чалавека, ці былі ў яго дзіцячыя траўмы.

— Камусьці можа спатрэбіцца год, камусьці — 9 месяцаў. Чалавек, які перажыў траўмавальную падзею, падобны да сціснутай спружыны. Каб ён не выбухнуў, спружыну трэба расціскаць паступова.

Але бывае, што нервовая сістэма самастойна спраўляецца з пераналаджаннем і ПТСР не дыягнастуецца нават пасля вельмі траўмавальных падзей. Бо наша псіхіка фармавалася стагоддзямі, і мы не першае пакаленне, якое перажывае вайну, эпідэмію, праходзіць праз небяспечныя выпрабаванні.

 

ПТСР — гэта неабавязкова пра вайну

Чалавеку не трэба ўважлівых прычын, каб атрымаць ПТСР. Ён можа не сам перажыць, але стаць сведкам вялікай трагедыі або аварыі — і ў яго сфармуецца ПТСР. Ён можа працаваць з ахвярамі злачынстваў — і ў яго сфармуецца ПТСР.

— У нас з вамі ёсць люстраныя нейроны, і дзякуючы ім мы можам літаральна "параніцца" аб праблемы іншага чалавека. Я ведаю выпадкі, калі людзі працавалі з дакументаваннем парушэнняў правоў чалавека — і выходзілі з гэтай работы з ПТСР.

З ПТСР могуць выходзіць беларусы з турмаў. І ім таксама варта паклапаціцца пра сваё ментальнае здароўе. І пачаць з таго, каб зразумець: гэта не са мной нешта не тое, гэта нармальная рэакцыя маёй псіхікі на траўмавальную падзею.

 

"Вітанкі, цела. З табой нічога не здарылася"

Рэабілітацыйны цэнтр "Ланка"  працуе пад Кіевам. Яго стварылі беларусы. Дапамогу тут могуць атрымаць не толькі беларускія добраахвотнікі, але і ўкраінцы, якія спрабуюць адаптавацца ў жыцці, вярнуўшыся з "нуля".

Таццяна дапамагае ваенным у "Ланцы" і жыве ў Кіеве. Не так даўно горад у чарговы раз трапіў пад абстрэл. Як псіхолагу вывозіць гэтыя штодзённыя абставіны і заставацца прафесіяналам? Як захоўваць сябе?

— Я назапасіла шмат вопыту і вельмі хацела б ім дзяліцца. Мне моцна дапамагае разуменне, што мая дапамога пацярпелым — гэта мой унёсак у перамогу. Калі я бачу чалавека, які прайшоў праз складаныя абставіны, і заўважаю, што ён пачынае спраўляцца з наступствамі, пачынае кантраляваць сітуацыю, я атрымліваю ад гэтага сілы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі