Самая "беззмястоўная кампанія" — у Расіі стартавалі "выбары" прэзідэнта

Галасаванне працягнецца тры дні

Галасаванне працягнецца тры дні / ТАСС

У Расіі раніцай 15 сакавіка пачалося галасаванне на "выбарах" прэзідэнта. Галасаванне працягнецца тры дні. Няма ніякіх сумневаў, што паводле яго вынікаў прэзідэнтам пяты раз стане Уладзімір Пуцін, піша ВВС. Акрамя яго ў бюлетэні ўнесены яшчэ тры прозвішчы — гэта дэпутат ад КПРФ Мікалай Харытонаў, кіраўнік ЛДПР Леанід Слуцкі і віцэ-спікер Думы Уладзіслаў Даванкоў. Ніводзін з іх не асуджае вайну ва Украіне і не крытыкуе Пуціна.

Незалежных кандыдатаў да выбараў не дапусцілі. Уступіць у барацьбу спрабавалі журналістка з Ржэва Кацярына Дунцова і палітык Барыс Надзеждзін. Яны крытыкавалі ўварванне ва Украіну і выступалі за спыненне вайны.

Расійскі рух у абарону правоў выбаршчыкаў "Голас" напярэдадні выбараў выпусціў даклад, у якім назваў гэтую выбарчую кампанію "самай беззмястоўнай" за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. Кандыдаты, паводле слоў экспертаў, нават не спрабавалі "імітаваць рэальнае жаданне ўдзельнічаць у барацьбе за прэзідэнцкую пасаду і змагацца за галасы выбаршчыкаў". Няяркай аказалася і кампанія самога Пуціна.

"Па сутнасці, робіцца ўсё, каб грамадзяне не заўважылі сам факт правядзення выбараў", — мяркуюць эксперты “Голасу”. Яны лічаць, што робіцца стаўка на адміністрацыйны рэсурс — прымус падкантрольных выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі. У лаяльнасці гэтых выбаршчыкаў улады, відаць, упэўнены. Расійскае выданне "Медуза" прагназуе, што Крэмль заявіць аб яўцы ў 70-80% выбаршчыкаў. Каля 80% павінны, па жаданні адміністрацыі прэзідэнта, "прагаласаваць" за Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі