Навошта суддзя спяшаецца?

Суд па справе тэрарыстаў нечакана скончыўся 3-га лістапада. Суддзя абвясціў перапынак да 14-га і спрэчкі бакоў. Перад гэтым ён не задаволіў з дзясятак хадайніцтваў абароны і пацярпелых ад тэракту. Еўрарадыё заўважыла, што падчас працэсу адвакаты і нават пацярпелыя часта спрачаліся з суддзёй.

Вось пацярпелы Саакян выступае з хадайніцтвам. Ён пачаў зачытваць яго з "уступнай часткі", у якой спасылаецца на артыкулы Канстытуцыі. Але ў пэўны момант суддзя яго перабівае.

"Суды абавязаныя ажыццяўляць правасуддзе на прынцыпах галоснасці, спаборнасці і роўнасці бакоў. У мэтах справядлівага судовага разбіральніцтва і вынясення па справе законнага і абгрунтаванага рашэння, кожнаму з яго ўдзельнікаў павінна быць забяспечаная магчымасць выкарыстання правоў, прадстаўленых законам. Старшынствуючы па справе забяспеч..."

уддзя: "У вас права ёсць ці не? Не трэба тлумачыць нам усе пастановы пленума. Вам права прадстаўлена заявіць хадайніцтва. Калі ласка, калі ў вас ёсць хадайніцтва — заяўляйце. Калі няма — сядайце".

"Я заканчваю. Пры гэтым ён павінен праяўляць..."

Суддзя: "Яшчэ раз вам раблю папярэджанне, што вы не па сутнасці судовага разбіральніцтва сёння даеце інфармацыю".

"Я кажу па су..."

Суддзя: "Калі ёсць хадайніцтва — заяўляйце!"

"Лічу, што ён прэсуе трошкі адвакатаў, часам гэта вельмі заўважна. І перабівае. Але хлопцы патрапіліся такога не з баязлівага дзясятка. Спрабуюць даць адпор, кажуць сваё і ўсё", — каментуе сітуацыю адзін з прысутных Уладзімір.

У апошні дзень разгляду справы ў судзе адвакатам адмовілі амаль ва ўсіх хадайніцтвах. Хадайніцтва пракурора задаволілі. Падобная сітуацыя была на працягу ўсяго працэсу. Гаворыць Святлана, яна ходзіць на суд з самага пачатку.

"Сёння адмовілі амаль ва ўсім адвакатам і пацярпелым. Адна пацярпелая ўстала і сказала, што ёй так і не зразумела, хто вінаваты ў тэракце. Адносіны суддзі мне паказаліся прадузятымі. Не дарма пра яго ў інтэрнэце пішуць, што гэта чацвёрты пракурор".

Сканчэнне судовага разбіральніцтва было для ўсіх нечаканым. Пасля зачытвання пратакола ператрусу ў здымнай кватэры Кавалёва ўсе чакалі працягу і новых сведкаў.

"Мы чакалі, што выклічуць наступных сведкаў — і раптам, абсалютна нечакана для нас, ён сказаў, што спрэчкі будуць 14 чысла. У зале людзі заплакалі. Спачатку маці Кавалёва, потым адна з пацярпелых. У людзей быў шок. Суддзя сышоў, а людзі засталіся і працягвалі гучна пратэставаць", — гаворыць Святлана.

Цікава, што па назіраннях журналіста Еўрарадыё пацярпелыя чамусьці з прыязнасцю ставяцца да абвінавачаных. Ці тое стакгольмскі сіндром?

Суд адмовіў выклікаць сведкаў-супрацоўнікаў КДБ, якія, згодна з матэрыяламі справы, прадавалі траціл, адмовіў адвакату ў даследаванні відэазапісаў з метро са сваімі каментарамі — адвакат там западозрыў мантаж. Суд адмовіўся выклікаць чалавека, які вымаў відэазапісы з метро. Адмовіў у выкліку братоў Мурашка, якіх раней судзілі па віцебскіх выбухах. Не выклікалі ў суд экспертаў ФСБ, якія даследавалі запісы з камер назірання метро, а таксама кіроўцу цягніка метро, які прыбыў адразу пасля выбуху.

"Агульны сэнс у тым, што калі гэта хадайніцтва абгрунтаванае і накіраванае на паляпшэнне стану абвінавачанага, яно павінна задавальняцца. Калі нейкія хадайніцтвы не адносяцца да справы і не адказваюць прынцыпу дапушчальнасці, то яны могуць не даследавацца. Наогул гэта аднесена на меркаванне суда, але калі суддзя не задавальняе нейкія хадайніцтвы, якія заведама накіраваныя на паўнату і ўсебаковасць разгляду справы, то магчыма гэта стане падставай для наступнай адмены прысуду", — гаворыць Павел Сапелка, былы адвакат Андрэя Саннікава.

Вось яшчэ некалькі прыкладаў спрэчак адваката з старшынёй.

"Скажыце, Коласаў у свой склеп дзяўчын запрашаў?" — пытаецца адвакат Абразей, пра аднаго з сяброў абвінавачаных, які раней знаходзіўся пад следствам, а пазней быў перакваліфікаваны ў сведку.

Суддзя: "Здымаю пытанне. Яшчэ пытанні па сутнасці ёсць?".

Адвакат: "Па сутнасці".

Суддзя: "Здымаю пытанне аб тым, з кім хадзіў у свой скеп Коласаў!"

Адвакат: "Прашу занесці маё пытанне ў прата..."

Суддзя: "Занеслі ваша пытанне".

Адвакат: "І пярэчу на дзеянні старшынствуючага".

Суддзя: "Занесена ваша пярэчанне".

Адвакат (пытаецца ў сведкі): "Якім замком або якім чынам зачыняліся дзверы ў склепе Канавалава?".

Суддзя (перабівае): "Ён патлумачыў: зашчапкай знутры".

Адвакат: "Знутры, высокі суд".

Суддзя: "Звонку чым зачыняўся?"

Адвакат: "Пярэчу на дзеянні старшынствуючага і прашу занесці..."

Суддзя: "Занеслі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі