Вы тут

"У 2020-м яшчэ даставалі аскепкі": як жывуць тыя, хто перажыў тэракт у метро

Злева направа: Віктар Сяледчык, Маргарыта Чарнышова, Маргарыта Ярашэвіч / Еўрарадыё

11 красавіка 2011 года ў 17:56 на станцыі "Кастрычніцкая" ў мінскім метро адбыўся выбух. Загінула 15 чалавек: 11 на месцы, яшчэ чацвёра ад атрыманых траўмаў. У спісе пацярпелых — 204 чалавека. Хоць гучалі і іншыя лічбы, аж да 400.

Еўрарадыё знайшло людзей, якія ў той фатальны вечар апынуліся на платформе "Кастрычніцкай". Яны распавялі нам пра выбух, пра тое, што адбывалася адразу пасля яго — і пра тое, як прыходзілі ў сябе і перажылі тыя трагічныя падзеі.
 

Маргарыта Чарнышова. Настаўніца. На момант тэракта 36 гадоў

Не магла пазногці чорным лакам фарбаваць. Мне здавалася, што яны будуць выглядаць так, як калі б я памерла

Я спускалася па эскалатары ўніз, не паспела на папярэдні цягнік. Ехаць мне трэба было ў бок "Парку Чалюскінцаў". Стаяла на пероне за калонай з процілеглага боку, вырашыла не стаяць у хвасце цягніка. Пачуўся выбух.

Маргарыта Чарнышова / фота з асабістага архіва

Згасла святло, было адчуванне цемры. Потым я пачула гук выбуху. Адчула боль у назе. Я спачатку, шчыра кажучы, падумала, што гэта нейкая тэхнагенная катастрофа. Нейкая тэхнічная непаладка, нешта выбухнула. Потым стала пахнуць порахам і людзі сталі адыходзіць ад эпіцэнтра выбуху. У бок выхаду да Дома афіцэраў. Я таксама пайшла ў тым кірунку. Як такой панікі не было. У бок выбуху я старалася не глядзець, таму што было страшна, але і было задымлена. Я так павольна ішла і разумела, што нельга заходзіць у пераход, які вядзе з "Кастрычніцкай" на "Купалаўскую". Ішла ў процілеглым кірунку, разумеючы, што і там можа нешта выбухнуць.

 

Правяла па назе і зразумела, што там нешта тырчыць

Людзі ішлі, кагосьці пад рукі неслі, рэчы валяліся на пероне раскіданыя. Але людзі ішлі даволі спакойна, ніхто не штурхаўся, нягледзячы на тое, што эскалатары перасталі працаваць. Не было такога, каб людзі штурхаліся, панікавалі. І вось калі ўжо ўсе наверсе апынуліся і калі я ўжо сама наверсе апынулася, тады, вядома, пачалася істэрыка. Калі пачула, што прыязджаюць машыны хуткай дапамогі. Плакаць пачала. І боль у назе ўжо адчула, толькі калі апынулася наверсе. Правяла па назе і зразумела, што там нешта тырчыць.

Праз нейкі час прыбег муж, таму што таксі не хадзілі ўжо па горадзе. Ён неяк дабраўся пешшу. Ён пасадзіў мяне ў хуткую, дзе сядзелі ўжо двое параненых. І так я апынулася ў бальніцы хуткай дапамогі, дзе ўжо зрабілі здымкі, рэзалі, выдалялі аскепак…

Першая мая рэакцыя пасля выбуху — апынуцца дома. Я сказала нават мужу: "Паехалі дадому, я дома сама выкалупаю, нічога страшнага". А ўжо калі прыехалі ў бальніцу, тады нага ўжо балела, зацякла і, вядома, я зразумела, што сама ўжо нічога я не дастану.

Аскепак захоўваю дагэтуль.

Так, было страшна. Спачатку ўсё было страшна. Наогул усё, што датычылася гучных гукаў. У нейкі момант прыйшло ўсведамленне, што гэты дзень мог быць апошнім. Падсвядома ўсплывалі розныя страхі. Не магла пазногці чорным лакам фарбаваць — мне здавалася, што яны будуць так выглядаць, як калі б я памерла. Адчуванне невыпадковасці таго, што адбылося з табой. 

 

Я зразумела, што адбылося страшнае, але, можа быць, я нездарма засталася жывая, і ўсё будзе добра

Што да мяне, то для мяне ўсё скончылася добра. Я разумела, што адбылося страшнае. Але, можа быць, я нездарма засталася жывая, і ўсё будзе добра.

Так і здарылася — праз год я нарадзіла дзіця, якога чакала 15 гадоў.

Маргарыта Чарнышова з дзіцем / фота з асабістага архіва

Дзяржава выплаціла каля трох тысяч еўра. Гэта былі нейкія грошы па страхоўцы, кампенсацыя за псаванне рэчаў.

Пасля тэракта вельмі дапамагла падтрымка людзей, якія атачалі. Я працую ў гімназіі: калегі, вучні, бацькі. Усё неяк па-чалавечы, з такой увагай, спагадай, з такім перажываннем. Я гэту гісторыю прагаварыла шмат-шмат разоў, і для мяне яна перастала быць псіхалагічнай праблемай. Магчыма, людзі, якія не маглі гэта зрабіць, для іх гэта засталося сітуацыяй фрустрацыі.

Як так хутка маглі знайсці вінаватых і ўсё расследаваць?

Вы ведаеце, да сённяшняга дня гэта застаецца для мяне пытаннем. Я не ведаю, я не сачыла за вынікамі самога следства, я не прысутнічала на пасяджэннях. Але для мяне была дзіўная паспешнасць усяго. Як так хутка маглі знайсці вінаватых і ўсё расследаваць?

 

Віктар Сяледчык, барбер. На момант тэракта 14 гадоў

Патэлефанаваў маме і тату. "Я вас не чую, але ў мяне ўсё добра"

Віктар Сяледчык з сябрамі Паўлам і Кірылам / фота з асабістага архіва

Я ехаў з сябрамі, з Паўлам і Кірылам, з медагляду. Мы стаялі проста насупраць бомбы, толькі з іншага боку. Чакалі цягнік, стаялі за калонай. Гэта адыграла фактычна вырашальную ролю, чаму мы засталіся жывыя. У момант выбуху Кірыл гаварыў, а мы з Пашам стаялі слухалі. У Кірыла быў адкрыты рот, і ў яго барабанныя перапонкі засталіся цэлыя. У нас з Пашам па адной парванай барабаннай перапонцы.

Прагрымеў выбух, мы ачухаліся з Пашам, падняліся з падлогі. Дапамаглі ўстаць Кірылу. Узялі яго пад рукі і аднеслі ў бок выхаду. Вынеслі на паверхню. Першыя адчуванні — дэзарыентацыя, кантузія, шум у галаве. Галасы немагчыма было разабраць, хоць зрок быў у норме. А праз хвіліны літаральна паўтары-дзве прыехалі першыя міліцэйскія машыны, а потым прыехала хуткая.

 

Ужо быўшы ў бальніцы, я зразумеў, што гэта быў тэракт

Страшна не было. Я проста не паспеў спалохацца, тварам ад выбуху стаяў. Не ведаю, як мае сябры. Першапачаткова мне падалося, што гэта нейкая паломка, звязаная не з бомбай, а з тэхнічным абсталяваннем. Ужо быўшы ў бальніцы, я зразумеў, што гэта быў тэракт. 

 

Віктар Сяледчык / фота з асабістага архіва

Ездзіць у метро страшна не было. Фобій няма, не засталося нічога — толькі першы раз пасля выбуху, калі праехаў па гэтай станцыі, было напружана крыху. Але потым ужо без праблем. І, на шчасце, з псіхолагамі не давялося працаваць.

Калі я не памыляюся, ці то 500, ці то 700 еўра мне выплацілі пасля тэракта. І ўсё, больш нічога — ніякіх дадатковых лячэнняў, ніякіх санаторыяў, нічога падобнага.

Мне ў той момант было 14 гадоў. Бацькі, вядома, моцна спалохаліся. Я выбраўся на паверхню, патэлефанаваў маме і тату. Сказаў, што жывы, у мяне ўсё добра: "Я вас, праўда, не чую, але ў мяне ўсё добра".

 

Я не веру ў афіцыйную версію. І тады не верыў, і цяпер не веру

Наконт Кавалёва і Канавалава, я не маю ніякіх да іх прэтэнзій. Я разумею, што гэта палітычная гульня. У той момант, наколькі я мог ацаніць па ўрыўках навін, была напружаная сітуацыя ў краіне, і гэта быў ход, каб адцягнуць увагу ад эканамічнага і палітычнага крызісу. Я не веру ў афіцыйную версію. І тады не верыў, і цяпер не веру. Проста таму, што машыны хуткай дапамогі прыехалі праз пяць, а міліцыя была праз дзве хвіліны. Хіба гэта можа быць падобна да праўды?

Я ўспамінаю розныя тэракты, якія адбываліся не ў нашай рэспубліцы. Я хачу сказаць, што кампенсацыі, якія нам далі, яны проста нікчэмныя ў параўнанні з тым, што выдзялялі іншым людзям пры тэрактах у іншых краінах. Так што ў астатку адно адчуванне — подла.

 

Маргарыта Ярашэвіч, уладальніца інтэрнэт-крамы. На момант выбуху 17 гадоў

Я зразумела, што калі зараз не пачну паўзці, то проста памру

Маргарыта Ярашэвіч / фота з асабістага архіва

Вучылася я тады ў 11 класе. Мне трэба было ехаць увечары на дадатковыя заняткі перад паступленнем. Я спачатку хацела адмяніць, але ўсё ж вырашыла паехаць.

Дома была цяжарная котка. Усё перад выхадам бегала за мной, мяўкала. Я спрабую да дзвярэй падысці, а яна мяне ў далёкі пакой кліча. Але я ўсё роўна паехала. І калі ехала ў транспарце, сустрэла сваю найлепшую сяброўку на той момант. І мы дамовіліся, што я пасяджу толькі на адной пары і мы потым сустрэнемся ў горадзе і пойдзем гуляць. Заняткі былі на станцыі метро "Фрунзенская", а мы дамовіліся сустрэцца на "Інстытуце культуры". І я яшчэ думала, ехаць мне на 73-м аўтобусе або на метро. А якраз быў час пік, я думала, на аўтобусе доўга буду ехаць. І вось ужо ў гэта метро пабегла, трэба было тэрмінова, я спяшалася.

Была вялікая чарга па жэтончыкі, і я папрасілася прайсці па школьнай даведцы, таму што проста бегла на цягнік. Увесь час спяшалася, на "Фрунзенскай" спускалася, цягнік ад'язджае, я падбегла. З "Купалаўскай" на "Кастрычніцкую" таксама бегла. І вось так я апынулася на пероне.

Пад'язджае цягнік, адчыняюцца дзверы... І ўсё. Пачуўся выбух.

 

Я яшчэ спачатку падумала, што гэта сон

Упала, страціла прытомнасць, потым апрытомнела. Было цёмна, задымлена. Потым пачала разумець, што гэта не сон. Што я спускалася ў метро, значыць, я знаходжуся цяпер у метро. Унутрана я адчувала, што я паміраю. Потым зноў страціла прытомнасць. Потым апрытомнела, каля мяне былі тры мужчыны.

Выбуховай хваляй у мяне адарвала сумку. Я ў іх запыталася: дзе мая сумка. Потым зноў страціла прытомнасць. Калі я апрытомнела, іх не было побач са мной. А я па-ранейшаму ляжала на платформе, і я падумала, што калі я зараз не пачну паўзці, то я проста памру. Я папаўзла, ногі і рукі мяне не слухаліся. Абедзве нагі былі зламаныя, на левай руцэ мезенец быў зламаны. Я не магла абаперціся на руку. Потым зноў страціла прытомнасць. Калі апрытомнела, ужо ляжала ля турнікетаў. Побач са мной стаяла жанчына, яна прадаўшчыца гэтых жэтончыкаў, білецікаў. І я папрасіла яе, каб яна патэлефанавала маме, сказала, што я паміраю. Мяне вынеслі на паверхню, спынілі машыну таксі.

Калі мяне выносілі, журналісты пачалі спускацца ў метро, каб фатаграфаваць. І якраз мяне падымаюць па лесвіцы, я ў прытомнасці, і яны мяне здымаюць. І я ляжу, ногі ў мяне ў крыві, разарваныя джынсы, я саромеюся, а яны мяне здымаюць! Мужчыны паклалі мяне ў таксі на задняе сядзенне, таксіст мне зняў рэмень і прывязаў сцягно, таму што ў мяне там усё вырвана было, каб спыніць крывацёк. Дарэчы, да гэтага часу шукаю таксіста, які адвёз мяне ў бальніцу. Не засталося ніякай інфармацыі пра яго.

Кадр на якім відаць, як Маргарыту выносяць з метро / скрыншот з фільма АНТ

У 2020 годзе мне яшчэ даставалі аскепкі

Ён павёз мяне ў трэцюю бальніцу каля "Дынама", а я ў гэты час не адчувала болю, думала, навошта мяне вязуць у бальніцу? У мяне нічога не балела, але было адчуванне, што я паміраю. І калі мяне ўжо прывезлі да трэцяй бальніцы, да прыёмнага, калі мяне ўжо даставалі разам з лекарамі з задняга сядзення, у мяне нага не была зафіксаваная, тады першы раз я адчула боль. І так мяне ў аперацыйную павезлі.

Першыя два месяцы я ляжала, потым мяне адправілі на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыну. Я там тыдні два-тры праляжала, потым я месяцы два была дома. Першы год была ў бальніцах частым госцем. На другі год у мяне была яшчэ адна аперацыя на пятку — цяпер у мяне няма пятачнай косці. У мяне аскепак там быў, вельмі маленькі, доўга рана не зажывала. Апошні раз я ляжала летась, у 2020-м мне яшчэ даставалі аскепкі.

 

Я толькі выехала з аперацыйнай, і ім сказалі: "Пакуль што жывая"

Дзяржава кампенсавала фінансава. Я была непаўналетняя, усё аформлена на маму. Але фінансавая дапамога была ад дзяржавы. І на Новы год, у 2012 годзе, падарылі тэлевізар. Цяпер у мяне трэцяя група інваліднасці.

Маргарыта Ярашэвіч / фота з асабістага архіва

Вельмі складана было маме, вельмі складана было айчыму майму. Мама хутка пасівела. Я ведаю, што, калі гэта адбылося, яны і знайсці мяне не маглі. Сястра з бацькамі пасля першых навін зразумелі, што трэба мяне шукаць. А ў бальніцах я была запісаная не "Яр", а праз "Е". І калі яны мяне знайшлі, то ўжо было позна ўвечары. Я толькі выехала з аперацыйнай, і ім сказалі: "Пакуль што жывая". Я не падбяру зараз прыдатных слоў, каб апісаць, як ім было цяжка. 

 

Узяць мыліцы і спусціцца ў метро, каб перамагчы свой страх

Калі я ляжала ў рэанімацыі, у мяне было першае жаданне — узяць мыліцы і спусціцца ў метро, каб перамагчы свой страх. Як кажуць, клін клінам выбіваюць. Цяпер, калі я праязджаю "Кастрычніцкую", бывае, што нейкія ўспаміны адразу накідваюць пра гэта. Але не так, каб я баялася і не спускалася ў метро.

Я б не хацела гаварыць на тэму прысуду Канавалаву і Кавалёву.

Цяпер я жыву ў Гродне паўтара года, валодаю інтэрнэт-крамай, аптовыя продажы. Тады я ўсё ж паступіла ў БДУ на хімфак. На трэцім курсе забрала дакументы, таму што я расчаравалася і вырашыла, што не хачу быць хімікам. І паступіла ў каледж на маркетолага. А цяпер вось якраз заканчваю ВНУ, у пятніцу ў мяне дзяржаўны экзамен ва ўніверсітэце. Спадзяюся, што ён пройдзе паспяхова і я буду з вышэйшай адукацыяй. Парадую маму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.