Маці Канавалава: Не жадаю ні з кім размаўляць

Хто вы?


Я з Еўрарадыё


Я не жадаю ні з кім размаўляць, свабодны. Можаце быць свабодны, як прысуд голасам суддзі абвяшчае Людміла Канавалава. Маці расстралянага за тэракт Дзмітрыя Канавалава працуе ў дзіцячым садку. На працу а 8-й раніцы прыходзіць сама. Раней заўсёды ў суправаджэнні аховы, таму немагчыма было падысці. Цяпер аховы няма, але сыходжу ні з чым.


Размаўляць адмаўляецца і бацька Канавалава. Ён адчыняе кватэру, але як толькі даведваецца, хто прыйшоў, адразу гучна захлопвае дзверы перад носам.


Аховы каля дому Канавалавых таксама ўжо няма. Больш гаваркім, мякка кажучы, аказваецца сусед збоку.


"Калі гэтых мальцаў забілі... вельмі хутка знялі гэтую так званую ахову. Я цікавіўся: гэта ахова ці галосная слежка? Бо галосная слежка гэта яшчэ і ціск на псіхіку. Калі з-за кута за табой назіраюць, ты можаш і не заўважаць. Мне адказалі, што гэта і тое, і тое".


Часам каля дома дзяжурыла машына, часам ахова была пешшу. Як пісала раней Еўрарадыё, бацькоў Канавалава суправаджалі нават на прагулку з сабакам.


"Трэба ў краму па прадукты, саджаюць у машыну, паехалі", пацвярджае гэта і сусед. З некаторымі ахоўнікамі, ён кажа, добра кантачыў, перагаворваўся праз вакно, даваў запаліць.


"Размаўляў з імі летам праз вакно. Я класіку слухаў. А яны пыталі, ці ёсць нешта весялейшае. Я скачаў з інтэрнэта, як жа ж яна называецца..? "Ох рано, встаёт охрана". І сыграў ім. Ну ім спадабалася. Адзін са сваім сотавым падышоў бліжэй да вакна і запісаў сабе".


Ахова прыходзіла раніцай і сыходзіла ўвечары, распавядае сусед. Бывала, і без машыны прыходзілі пад дажджом, тады хаваліся на ганку каля пад'езда ці прасіліся ў пад'езд.


"Скардзіліся, што ў іх заробак малы. Я пенсію сваю ім прыблізна называў. Не мог зразумець, ці ўзброеныя яны. Летам адзін пачаў пераапранацца на лавачцы, і было бачна, што кабура не пустая".


У кватэры Канавалавых вельмі ціха. Суседзі кажуць, што старэйшы сын ужо з'ехаў і наведваецца не часта. Бацькі ж ні з кім з суседзяў не кантактуюць.


"Калі сутыкнуся ў пад'ездзе, павітаюся. Жонка можа яшчэ на нейкую нейтральную тэму абмяняцца фразамі: накшталт, пад'езд даўно не мялі, ці чаго ваш сабака кульгае? А з вамі, журналістамі, яны не стануць кантактаваць. Як кажуць, памагай бог. Знаёміць вас я не буду. Я не ў такіх з імі стасунках".


Уваход у падвал, дзе Канавалаў рабіў выбухоўку, знаходзіцца побач з пад'ездам. На пытанне, што там цяпер, пасля суда, сусед адразу ўзгадвае:


"О_о! Тут увогуле такое было. Падвалы чысцілі, нумаравалі па-новаму. Трайную інвентарызацыю сараяў правялі".


Заадно і прыбралі святло, якое людзі самі правялі, часам свавольна. Цяпер у сутарэннях цёмна.


Спускаемся ўніз. Сарай Канавалава знаходзіцца амаль у самым канцы калідора. Аказваецца, ён драўляны і вельмі маленькі. І... не зачынены. Унутры сарая няма нічога, акрамя невялікага стала.


"У яго сарайчык збітая з дошак будка. Метры два шырынёй. Сцены драўляныя, нават шчыліны былі. Ужо самі людзі гэтыя шчыліны нечым зашывалі".


У гэтай будачцы месяцамі, незаўважна для суседзяў, якія захоўваюць побач закаткі з гуркамі і памідорамі, незаўважна для бацькоў і брата Канавалаў варыў выбухоўку, якой падарваў мінскае метро.


На сценах у падвале сапраўды "нейкія лозунгі з негатыўнай ацэнкай сітуацыі", як і кажа сусед. На столі выпаленая назва гурта "Лакрымоза".

Людміла Канавалава ідзе на працу

Дзверы і сцены ў сарайчыках драўляныя

 

Падвал Канавалава такі маленькі, што камерай цяжка ахапіць агульны план

 

Нумерацыю мянялі некалькі разоў

Дзіцячы садок, дзе працуе Людміла Канавалава

 

Галоўнае фота з суда: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі