На фоне недахопу медперсаналу беларускія медкаледжы павялічваюць наборы

Толькі ў Мінску на пачатак чэрвеня не хапала больш за 2 тысячы медсясцёр / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Толькі ў Мінску на пачатак чэрвеня не хапала больш за 2 тысячы медсясцёр / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Медыцынскія каледжы Беларусі павялічваюць наборы навучэнцаў. У Віцебскай вобласці гатовыя сёлета прыняць дадаткова 80 чалавек. "Летась мы павялічылі набор на 100 чалавек у нашы тры каледжы (Полацкі, Аршанскі, Віцебскі), сёлета — яшчэ на 80 чалавек", — цытуе БЕЛТА начальніка Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіла Вішнявецкага. Вішнявецкі таксама расказаў, што ў каледжах вобласці адкрылі новую спецыяльнасць — "зубалячэбная справа". "Таму што былі пытанні па стаматолагах", — патлумачыў чыноўнік.

Павялічыць набор абітурыентаў плануюць і ў Брэсцкім дзяржаўным медкаледжы. Тут хочуць набіраць больш навучэнцаў пасля 9-га класа. Праўда, паступіць яны могуць толькі на спецыяльнасць "сястрынская справа". Набор дзевяцікласнікаў у Брэсцкім медкаледжы аднавілі летась.

Нагадаем, што ў апошнія гады ў Беларусі абвастрылася праблема недахопу медработнікаў. Пасля 2020 года дактароў і спецыялістаў актыўна звальнялі за ўдзел у пратэстах і нязгоду з палітыкай рэжыму, некаторыя сыходзілі самі.

Толькі ў Мінску на пачатак чэрвеня не хапала чатыры тысячы медработнікаў. Самы вялікі дэфіцыт — гэта медсёстры. Адкрытыя 2080 вакансій. За імі ідуць дактары-спецыялісты (1733 вакансіі), потым — фельчары (335).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі