Вы тут

МУС прызнала, што эсэмэска пра "парушальнікаў" магла прыйсці пабочным людзям

Такую рассылку атрымалі беларусы на свае мабільнікі 1 кастрычніка / Еўрарадыё

МУС не выключае, што беларусы і надалей будуць атрымліваць смс-рассылку кшталту таго, што людзі атрымалі 1 кастрычніка. Пра гэта ў каментары "Комсомольской правде" расказала прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

1 кастрычніка шмат хто атрымаў смс-паведамленне ад імя МУС аб тым, што яны "выяўленыя як парушальнікі парадку правядзення масавых мерапрыемстваў", а іх дзеянні зафіксаваныя на фота і відэа. Сярод атрымальнікаў гэтых смс былі і журналісты, якія працавалі на акцыях пратэсту. 

Чамаданава патлумачыла, як складаўся спіс для рассылкі. Пры гэтым яна прызнала, што атрымаць эсэмэску маглі і людзі, якія не ўдзельнічалі ў акцыях.

"Спіс абанентаў, якім накіравалі смс, быў сфармаваны з выкарыстаннем тэхнічных магчымасцяў праваахоўнікаў па ідэнтыфікацыі асобы. Таму не выключана, што такія смс-паведамленні маглі паступаць тым, хто не датычны да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. У гэтым выпадку мы прыносім прабачэнні. Але ў большасці сваёй гэта датычыла выключна тых, хто выяўлены як удзельнік масавага мерапрыемства. І для гэтых людзей паведамленне ад МУС з'яўляецца папярэджаннем", — прыводзіць "Комсомольская правда" словы Чамаданавай. 

У МУС кажуць, што такая рассылка можа быць паўтораная: "Усё залежыць ад аператыўнай абстаноўкі, якая складваецца"

У каментары TUT.by аператары мабільных сістэм растлумачылі, што гэтае паведамленне МУС рассылае як сацыяльную рэкламу. Але па словах юрыстаў, пад фармулёўку "сацыяльная рэклама" ў гэтым паведамленні пасуе толькі апошняя частка: "Персанальна папярэджваем вас пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, што цягне адказнасць у адпаведнасці з законам. Не дапускайце памылак!".

А вось назваць чалавека вінаватым у гэтым правапарушэнні можа толькі суд, а ніяк не МУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.