Эдуарду Бабарыку не залічылі ў прысуд 1,5 года ўтрымання пад вартай

Эдуард Бабарыка / sb.by
Эдуард Бабарыка / sb.by

Палітвязню Эдуарду Бабарыку не залічылі ў прысуд 1,5 года ўтрымання пад вартай, паведамляе @viasna96. У агульны тэрмін не залічылі час яго ўтрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года. Менавіта тады Эдуард стаў падазраваным па новай крымінальнай справе, па якой яго ў выніку асудзілі. А да гэтага яго ўтрымлівалі максімальныя 18 месяцаў за "ўхіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры". Акрамя гэтага, ч. 1 арт. 293 ("арганізацыя масавых беспарадкаў") на судзе перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак").

5 ліпеня Эдуард Бабарыка быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф — 185 тысяч рублёў. На судзе ён не прызнаў сваёй віны.

За кратамі Эдуард знаходзіцца больш за тры гады. Яго затрымалі разам з бацькам у сярэдзіне чэрвеня 2020 года, калі яны везлі ў Цэнтрвыбаркам падпісныя лісты за вылучэнне Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкія выбары.

Віктар Бабарыка быў асуджаны ў ліпені 2021-га на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. У красавіку палітвязня прывозілі са слядамі пабояў у мясцовую бальніцу. Інфармацыі пра тое, дзе ён знаходзіцца цяпер і ў якім стане, дагэтуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі