Вы тут

Amnesty International патрабуе расследаваць гібель Рамана Бандарэнка

Фота Рамана Бандарэнка пасля яго гібелі сталі з'яўляцца па ўсёй краіне / Еўрарадыё

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International патрабуе расследаваць гібель Рамана Бандарэнка. Адпаведная заява дырэктара Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс была апублікавана на сайце арганізацыі:

"Улады Беларусі працягваюць кіраваць з дапамогай тэрору, пераследуючы нязгодных, выкарыстоўваючы гвалт і кідаючы людзей у турмы. І тым не менш мы звяртаем да іх патрабаванне неадкладна пачаць больш хуткае, бесстаронняе і дбайнае расследаванне забойства Рамана Бандарэнка з тым, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Пакуль замест гэтага яны заяўляюць, што яго збілі "заклапочаныя грамадзяне".

Няма ніякіх сумненняў у тым, што Раман, як і сотні іншых, быў збіты супрацоўнікамі сілавых структур. І замест таго, каб даставіць яго ў бальніцу, паліцыя затрымала яго. Невядома, што адбылося, пакуль ён знаходзіўся пад вартай, але на наступны дзень ён памёр у бальніцы",  — заявіла Стразерс.

31-гадовы Раман Бандарэнка быў затрыманы і збіты людзьмі ў цывільным, якія зрэзалі бел-чырвона-белыя стужкі ды зафарбоўвалі Мура на "Плошчы пераменаў" у Мінску. Потым яго з Цэнтральнага РУУС забрала хуткая дапамога. Выратаваць жыццё мужчыну не ўдалося, 12 лістапада ён памёр. У пятніцу Следчы камітэт, а пасля і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што Бандарэнка быў "п'яны". Але гэта абверглі медыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.