Жыхары Гродна хочуць ведаць, куды знік знак у гонар паўстання Каліноўскага

На месцы памятнага знака з'явілася мемарыяльная дошка, прысвечаная савецкім падпольшчыкам / @hrodna1127
На месцы памятнага знака з'явілася мемарыяльная дошка, прысвечаная савецкім падпольшчыкам / @hrodna1127

На сайце ipetitions.by з'явілася петыцыя да гродзенскіх уладаў з просьбай патлумачыць, куды і чаму знік памятны знак паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале Гродна.

Памятны знак быў дэмантаваны, стала вядома 20 ліпеня. На яго месцы з'явілася памятная дошка ў гонар савецкіх падпольшчыкаў. Аўтары петыцыі нагадваюць, што памятны знак з дубу быў усталяваны на чыгуначным вакзале 30 гадоў таму. Яго аўтарам быў знакаміты гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. А рашэнне пра ўсталяванне знака прымаў Гродзенскі гарсавет народных дэпутатаў.

Гэты знак, адзначаюць аўтары звароту, быў прысвечаны канкрэтнаму эпізоду паўстання Кастуся Каліноўскага — бітве паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам. Бітва адбылася на гэтым месцы 14 сакавіка 1863 года. У той вечар ля вакзала сабралася каля ста жыхароў Гродна, якія хацелі далучыцца да паўстання. Яны спрабавалі захапіць цягнік і з'ехаць у Парэчча, а потым агульнымі сіламі захапіць Гродна. Але ў выніку са станцыі выехаў толькі лакаматыў. У адчэпленых вагонах засталіся дзясяткі ўзброеных гродзенцаў. Былі арыштаваныя 73 чалавекі. 25 з іх выслалі ў Сібір. Да Парэчча дабралася ўсяго 7-8 чалавек.

"Гэты гераічны эпізод барацьбы нашых продкаў за народнае шчасце абавязкова павінен быць адлюстраваны ў гарадской прасторы", — лічаць аўтары петыцыі. У сувязі з гэтым яны просяць адказаць на наступныя пытанні: чаму быў дэмантаваны памятны знак, дзе ён знаходзіцца цяпер і дзе будзе ўсталяваны ў выніку? Ёсць і яшчэ адно пытанне: "Паколькі ўсе дакументы па памятных дошках і помніках паводле закона павінны праходзіць праз Міністэрства культуры, мы хочам ведаць, згодна з якім рашэннем міністэрства быў дэмантаваны памятны знак паўстанцам 1863 года", — цікавяцца аўтары петыцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі