Вы тут

Затрыманы лідэр партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё

Напярэдадні вечарам у Шклове быў затрыманы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, паведаміў у Facebook зяць палітыка Дзмітрый Антончык.

Кастусёва затрымалі ў Шклове. Ён "павінен быў займацца матэматыкай з унучкай, яна і забіла трывогу, што дзед не бярэ слухаўку", распавёў Антончык БелаПАН.

Сваякі пачалі шукаць палітыка з 19 гадзін. На тэлефонныя званкі ён не адказваў. Позна ўвечары — каля 23 гадзін 30 хвілін —  дачцэ Кастусёва патэлефанавалі з КДБ, сказалі, што ён "знаходзіцца ў Менску, па адрасе Незалежнасці, 17, па крымінальнай справе".

"Артыкул я не пачуў, а жонка разгубілася", — сказаў Антончык.

Па адрасе парспект Незалежнасці, 17 знаходзіцца СІЗА КДБ. Антончык таксама распавёў, што з'ездзіў на кватэру Кастусёва. Слядоў ператрусу ён там не заўважыў.

Рыгор Кастусёў — адзін з заяўнікаў сёлетняга "Чарнобыльскага шляху". Заяўку на правядзенне традыцыйнага вулічнага шэсця сумесна падалі тры партыі — БНФ, "Зялёныя" і БСДП "Грамада".

Як і ў выпадку з Днём волі, у арганізатараў узніклі складанасці з заключэннем дагавораў са спецыяльнымі службамі — без гэтых дагавораў атрымаць дазвол на правядзенне акцыі у мясцовых уладаў немагчыма. У канцы мінулага тыдня адзін з заяўнікаў "Чарнобыльскага шляху" лідар партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук распавядаў Еўрарадыё, што медыкі адмовіліся падпісваць дамову з-за каронавіруса, а камунальнікі і міліцыя пакуль наогул не адрэагавалі на просьбу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.