Замест вулічнага асвятлення адрамантавалі помнік: куды ідуць унёскі жыхароў

Вёска Клімаўка, дзе за добраахвотныя ўнёскі адрамантавалі помнік 

Вёска Клімаўка, дзе за добраахвотныя ўнёскі адрамантавалі помнік  / sozhnews.by

Жыхары пасёлка Цагельня (гэта ў Гомельскім раёне) звярнуліся з пытаннем у мясцовую газету "Маяк": чаму яны плацяць добраахвотныя ўнёскі і пры гэтым вымушаныя хадзіць цёмнымі вуліцамі. Лямпы ў ліхтарах у пасёлку не мяняюць. Ёсць і іншыя праблемныя пытанні, якія можна было б вырашыць за гэтыя сабраныя грошы

Гаворка ідзе пра ўнёскі на самаабкладанне. Плацёж добраахвотны, з кожнага дома ў год атрымліваецца 15 рублёў. Як выдаткоўваць гэтыя грошы, прапісана ў спецыяльным Палажэнні. У Цагельні, у прыватнасці, пастанавілі, што гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца "на добраўпарадкаванне тэрыторыі, арганізацыю і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў і некаторыя іншыя мэты", расказала старшыня Прыбыткоўскага сельвыканкама Галіна Чумакова. Але грошы здаюць далёка не ўсе. У Цагельні, да прыкладу, сёлета сабралі 375 рублёў, хоць тут пражывае больш за 1 тысячу 300 чалавек. Гэтых грошай не хапіла нават для таго, каб аплаціць пакос травы ў месцах агульнага карыстання, кажа Чумакова. Да таго ж, дадала яна, на замену ліхтароў вулічнага асвятлення гэтыя грошы "накіроўваць нельга, бо гэтыя працы фінансуюцца з бюджэту". Яна заклікала мясцовых жыхароў больш актыўна рабіць унёскі і прывяла ў прыклад вёску Клімаўка, дзе мясцовыя жыхары сабралі больш за 800 рублёў. За гэтыя грошы там адрамантавалі помнік загінулым у гады вайны. Як ідуць справы з асвятленнем і дарогамі Клімаўкі, журналісты "Маяка" не ўдакладнілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі