Вы тут

З Гібралтарам на $10 млн: як Беларусь гандлюе з краінамі-афшорамі

Гандаль з некаторымі краінамі выглядае, мякка кажучы, падазрона

Вы калі-небудзь чулі пра Маршалавы Астравы? Гэта малюсенькая дзяржава ў Ціхім акіяне з насельніцтвам каля 55 тысяч чалавек (менш за Слуцк) і ВУП у смешныя $220 млн. У 2020 годзе Беларусь закупіла "паслуг" у гэтай дзяржавы на $25 млн. Якіх паслуг? Дакладнага адказу ў дакументах няма.

Тыя самыя Маршалавы Астравы — рай для гандлю

Дарэчы, Маршалавы Астравы — папулярны афшор. Тэрыторыя, у межах якой кампаніі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць па-за ёй, карыстаюцца льготамі па рэгістрацыі і падатках.

Паслуг не жадаеце?

Афіцыйная статыстыка дзеліць знешні гандаль па дзвюх катэгорыях: тавары і паслугі. Гандаль паслугамі — сфера вельмі шырокая: ад куплі правоў на інтэлектуальную ўласнасць да фінансавых і юрыдычных паслуг. А ёсць і артыкул "іншыя дзелавыя паслугі": у 2020 годзе аб'ём знешняга гандлю па ім склаў $1,7 млрд.

Вядома, у афіцыйных дакументах не знайсці артыкула "вывад сродкаў". Ён можа быць замаскіраваны пад любую аперацыю з купляй-продажам "паслугі". А гандаль з далёкімі экзатычнымі краінамі, уся эканоміка якіх трымаецца толькі дзякуючы іх афшорнай дзейнасці, выклікае найбольшыя падазрэнні.

$130 млн за год

Еўрарадыё склала спіс дзяржаў, прызнаных ва ўсім свеце як афшоры, і палічыла, наколькі паспяхова Беларусь гандлявала з імі ў 2020 годзе. Агульны абарот склаў больш за 130 мільёнаў долараў!

З некаторымі тэрыторыямі — напрыклад, з Ангільяй (карлікавая дзяржава ў Карыбскім басейне; не блытаць з Англіяй) — гадавы абарот сціплы: 11,5 тысяч долараў. Хоць у 2014-м ён быў у 40 разоў большы.

На карту трапіла адразу некалькі афшорных партнёраў Беларусі

Але ёсць тыя, з кім рынак мае мільённыя абароты. З Багамамі ў 2020-м Беларусь нагандлявала на 2,2 мільёна долараў. Амаль усё прыпадае на імпарт — то-бок хтосьці ў Беларусі закупляе там нейкія паслугі, за якія пераводзіць туды грошы. У 2019 годзе абарот нашай краіны з Багамамі складаў больш за 9 мільёнаў долараў.

На $6 млн Беларусь закупіла летась паслуг на Барбадасе, які таксама славіцца як афшор. У васьмі сотнях кіламетрах ад Барбадаса размешчаныя Брытанскія Віргінскія астравы — яшчэ адна папулярная афшорная тэрыторыя. Напрыклад, там зарэгістравана фірма-ўладальніца буйнога беларускага экспарцёра растваральнікаў. З Брытанскімі Віргінскімі астравамі Беларусь за год "нагандлявала паслугамі" на 31,5 мільёна долараў. Большая частка — імпарт.

Геаграфія для цікаўных

Па спісе афшораў — знешнеэканамічных партнёраў Беларусі — можна вывучаць геаграфію. Аб Гернсі — востраве, размешчаным у праліве Ла-Манш, — у школах не распавядаюць. Але наша краіна гандлюе з ім амаль на 8 мільёнаў долараў за год.

Або, напрыклад, Гібралтар. Дэ-юрэ гэта заморская вялікабрытанская тэрыторыя, якая таксама славіцца як адзін з афшорных цэнтраў. З ім Беларусь за год нагандлявала на 10 мільёнаў долараў.

Гледзячы на маляўнічыя віды Гібралтара, так і хочацца пагандляваць

Кюрасаа — не толькі лікёр, але і асобная краіна, хай фармальна і ўваходзіць у састаў Нідэрландаў. Размешчана яна, як гэта часта бывае з афшорамі, на маляўнічым востраве ў Карыбскім моры. З Кюрасаа за 2020-ы Беларусь нагандлявала паслугамі на 15 мільёнаў долараў. У асноўным гэта беларускі экспарт — то-бок мы прадавалі ім нейкія паслугі і атрымлівалі грошы. Ці вярталі?

Не абыходзіцца без краін-афшораў і ў Афрыцы. Напрыклад, у Ліберыі, адной з самых бедных краін свету, Беларусь закупіла за год паслуг на 11,7 мільёна долараў. Галоўная "паслуга" гэтай краіны на міжнародным рынку — продаж так званага "зручнага сцяга" — права для замежных судоў хадзіць пад ліберыйскім сцягам і дзякуючы гэтаму атрымліваць паніжаныя стаўкі партовых збораў у большасці краін свету.

Больш за 1 мільён долараў— абарот Беларусі з такімі дзяржавамі, як Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сейшэлы, Востраў Мэн, Джэрсі і Беліз.

І ўсё працягваецца

У пачатку 2021 года актыўны гандаль з некаторымі "цікавымі" краінамі актыўна працягваецца. Толькі за студзень–люты паводле афіцыйнай статыстыкі мы закупілі паслуг у Маршалавых Астравоў больш чым на 5 мільёнаў долараў. Што гэта за паслугі, улічваючы, што банкаўскі сектар робіць палову ВУП краіны, думайце самі.

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісантам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.