Вы тут

Беларусь рэзка нарасціла продажы растваральнікаў ва Украіну

Растваральнікі можна выкарыстоўваць для нелегальнай вытворчасці паліва / liga.net

Імпарт растваральнікаў ва Украіну ў першым квартале 2021 года стаўся на 85% большым, чым у першым квартале 2020-га. Пра гэта паведамілі ў кансалтынгавай групе "А-95".

Памяняўся і найбуйнейшы пастаўшчык. Калі раней ім была Расія, то цяпер больш за ўсё прадукцыі ідзе ад беларускіх вытворцаў.
 

Тысячы тон ад прыватнікаў

Толькі найбуйнейшыя пастаўшчыкі лакафарбавых растваральнікаў паставілі ў першым квартале гэтага года ва Украіну 12,2 тысячы тон прадукцыі. Гэта амаль палова ад агульнага імпарту растваральнікаў ва Украіну, які склаў 27,2 тысячы тон.

Аб'ёмы паставак сур'ёзна нарошчваюць некалькі беларускіх кампаній. Сярод іх — "Белэнергамашэкспарт", "Аркадахім", "Эстыка-Інвест" і "Лесахімік". Еўрарадыё вывучыла, што гэта за кампаніі. Усе яны прыватныя, іх магчымыя сувязі з дзяржавай або з блізкімі да ўладаў бізнесменамі не прасочваюцца. Самае цікавае — уладальнік ТАА "Эстыка-Інвест".

Афіцыйным уласнікам кампаніі значыцца зарэгістраваная на Брытанскіх Віргінскіх астравах "МЭЙНУЭЙ ІНВЕСТ КОРП.". Кампанія з ідэнтычнай назвай (MANEWAY INVEST CORP.) і такой самай "прапіскай" значылася ў "Панамскім дасье". За ёй стаяць грамадзяне Беларусі, у якіх ёсць сувязі з яшчэ некалькімі афшорамі. Адзін з бенефіцыяраў — нехта TSYPLAKOV MIKHAIL. Чалавек з такім імем, Цыплакоў Міхаіл, у канцы 1990-х працаваў камерцыйным дырэктарам кампаніі "ЛУКОЙЛ-Беларусія". Яшчэ да гэтага ён валодаў эстонскай LUKOIL Eesti AS. Таксама сярод уладальнікаў MANEWAY INVEST CORP. значыцца нехта ALFIYA TSYPLAKOVA. У тым жа канцы 1990-х яна і TSYPLAKOV MIKHAIL спрабавалі атрымаць латвійскі від на жыхарства — пасля таго, як ім адмовілі ў эстонскім.

Пяройдзем да іншых пастаўшчыкоў. Уладальнікі — прыватныя асобы, якія не фігуравалі ні ў кантэксце афшораў, ні ў сувязі з дзяржорганамі. Самае займальнае ў выпадку з "Аркадахім": гэта кампанія цесна супрацоўнічае з расійскімі нафтакампаніямі.

Цікавае ў кампаніі "Лесахімік" — калісьці яна была манапалістам на рынку вытворчасці шкіпінару і каніфолі і ледзь не трапіла пад рэйдарскі захоп у пачатку 2010-х. Сёння прадпрыемства працуе выдатна: чысты прыбытак у 2020-м — 2,3 мільёна рублёў. Для параўнання: у 2019-м паказчык быў куды сціплейшы — 390 тысяч рублёў. Сярод партнёраў прадпрыемства — "Нафтан", "Сібур" і іншыя профільныя арганізацыі.

Хто купляе растваральнікі і навошта?

Лідар па закупках беларускіх растваральнікаў — група кампаній "БРСМ". Яе беспасярэдне звязалі з фінансаваннем украінскага палітыка Анатоля Шарыя, якога называюць прарасійскім.

Занятыя ў імпарце і невялікія ўкраінскія кампаніі, за якімі стаяць мясцовыя прадпрымальнікі сярэдняй рукі.

Куды цікавейшы кантэкст, у якім ідзе павышэнне паставак растваральнікаў ва Украіну. Як паведамляе ўкраінскі партал enkorr, мінімум 60% ад усіх растваральнікаў для лакафарбавай прамысловасці, якія ўвозяцца ва Украіну, становяць сабой сумесь актанапавышальных кампанентаў і паступаюць у адрас кампаній, якія займаюцца вытворчасцю і рознічнай рэалізацыяй нафтапрадуктаў.

Адначасова ва Украіне сцвярджаюць, што частка кампаній-імпарцёраў звязана з нелегальнымі міні-НПЗ і "падпольнымі" сеткамі заправак, дзе прадаецца кантрафактнае аўтамабільнае паліва.

Навошта "муціць" з растваральнікамі? Рэч у тым, што яны не абкладаюцца акцызамі — таму закупляць іх куды танней. А значыць, рэнтабельнасць вытворчасці нафтапрадуктаў з іх істотна вышэйшая.

Яшчэ больш выгадна было б пад выглядам непадакцызных растваральнікаў завозіць ва Украіну паліва. Але тут за руку злавіць вельмі цяжка, нягледзячы нават на буйны скандал праз пастаўкі такіх "растваральнікаў" з Беларусі ў 2012 годзе. Тады гаворка якраз і ішла пра кантрабанду беларускіх нафтапрадуктаў пад выглядам іншай прадукцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.