"Я — не ахвяра": беларус у эміграцыі збірае грошы, каб карміць дзяцей у Афрыцы

Дети в Африке

Дзеці ў Афрыцы / Руслан Яроцкий

Беларус Руслан Яроцкі ўжо 10 гадоў дапамагае дзецям у Афрыцы, літаральна корміць іх. Ён не ствараў ніякіх валанцёрскіх арганізацый — проста збірае грошы, прыязджае ў афрыканскія краіны, наведвае дзіцячыя прытулкі, з кіраўнікамі якіх знаёмы асабіста, і купляе на свае зберажэнні ежу.

Вялікае інтэрв'ю Руслана для Еўрарадыё можна прачытаць тут.

Раней Руслану дапамагалі некаторыя беларускія арганізацыі і валанцёры. Цяпер Руслан — эмігрант, ён вымушаны быў з'ехаць з Беларусі. Кантактаў унутры краіны стала менш, людзей, гатовых дапамагчы фінансава афрыканскім дзецям — яшчэ менш. Але ён усё роўна зноў паляцеў у Афрыку.

 

"Вялікіх сродкаў мы не маем, мы проста купляем людзям ежу"

Нашы паведамленні заспелі Руслана на ўзбярэжжы Індыйскага акіяну ў Кеніі, на рыбацкай станцыі. Праз праблемы з сувяззю ён адказваў на нашыя пытанні галасавымі — а на фоне гучала традыцыйная музыка.

— Мы рыхтаваліся да паездкі на працягу году. Цяпер гэтая падрыхтоўка звязана ў асноўным з зарабляннем грошай. Мы больш не жывем дома, і старыя сувязі ўжо не працуюць — многія людзі і арганізацыі, якія калісьці дапамагалі ў гэтых паездках, засталіся ў Беларусі.

Таму вузкім колам сяброў цягам году збіралі грошы, якія цяпер ужо тут трацім на закупку ежы. У асноўным дапамагаем сем'ям з хворымі дзецьмі, бедным або школам.

“Я — не жертва”: белорус в эмиграции копит деньги, чтобы кормить детей в Африке
Дзеці ў Афрыцы / фота з архіву Руслана Яроцкага

Нейкіх вялікіх сродкаў мы не маем, і разлічваем на сябе, на сяброў і валанцёраў. Ужо нешта перадалі ў школы Найробі, а праз пару дзён паедзем углыб краіны, у вёсачкі, дзе сем'і жывуць у галечы, за рысай беднасці.

 

Навошта дапамагаць Афрыцы, калі ёсць Беларусь і Украіна?

Руслан заўважае, што жыццё ў Афрыцы падаражэла з яго апошняга прыезду. Падаражэла паліва, падаражэлі прадукты. Сярэднестатыстычнага кенійца турбуюць пытанні выжывання. Але і пра вайну ва Украіне яны ведаюць, кажа Руслан. І ведаюць, хто на каго напаў.

— Што б ні казалі пра Афрыку, у большасці людзей ілюзій няма: яны ведаюць, што ёсць Расія, якая напала, і ёсць Украіна, якая абараняецца. Людзі чытаюць пра гэта і кажуць пра гэта. У тым ліку таму, што праблемы са збожжам на іх жыцці сапраўды адбіліся.

Так, вядома, Руслан шмат разоў чуў, што не трэба ездзіць так далёка, каб камусьці дапамагчы. Сем'ям палітвязняў, украінскім перасяленцам — надта многім цяпер патрэбна дапамога зусім побач. І Руслан ведае многіх грамадзян Польшчы і Літвы, якія дапамагаюць беларусам і ўкраінцам — ён шануе іх працу. Проста ніколі не параўноўвае, чыя дапамога "лепшая" або больш патрэбная.

— Усе, хто робіць нешта добрае, каб свет быў лепшы, неверагодныя людзі. І трэба рабіць тое, што хочацца, а не тое, што ўхваляе грамадства.

“Я — не жертва”: белорус в эмиграции копит деньги, чтобы кормить детей в Африке
Дзеці ў Афрыцы / фота з архіву Руслана Яроцкі

Не толькі ўкраінцы і беларусы маюць патрэбу ў дапамозе. Усім людзям, якія знаходзяцца ў бядзе, трэба дапамога. Для мяне няма розніцы, каму ты памагаеш. Проста кожны робіць тое, да чаго схільны. Так выйшла, што ўжо 10 гадоў мы займаемся Афрыкай і стараемся дапамагаць афрыканскім дзецям ежай.

Няма розніцы, каму ты дапамагаеш — проста рабі тое, да чаго цябе цягне. Дабро ж не абмежавана геаграфіяй і нацыянальнасцямі.

Гора, бяда... мы ж не можам вымяраць яе, кіруючыся расай або геаграфіяй. Не можам казаць, што камусьці дапамога патрэбная, а іншаму — не. Ды зрэшты гэта толькі здаецца, што Афрыка — нешта экзатычнае. Бо ж зямны шарык маленькі, і за дзесяць гадзін вы можаце апынуцца ў любой яго кропцы. І тая дапамога, якую мы аказваем афрыканскім дзецям — яна не патрабуе значных выдаткаў, толькі моцнага жадання.

"Людзі, якім удаецца думаць далей за пачак пельменяў, вельмі ганарацца сваёй прасветленнасцю. Але быць такімі яны могуць толькі таму, што хоць пачак пельменяў яны сапраўды сабе могуць купіць".

Прэтэнзій змяніць свет у нас няма. Проста я люблю Афрыку, адчуваю сябе тут як дома. І гэтыя эмоцыі — добры стымул, каб сабрацца і паехаць. Нават калі не ўдаецца сабраць вялікіх грошай, ты бярэш тое, што ёсць — і едзеш.

Не бывае "вялікіх" і "маленькіх" грошай, кажа Руслан. Бываюць "грошы, якія камусьці вельмі патрэбныя". Калі няма грошай на хлеб, то долар можа быць вельмі вялікай сумай.

Так, многія лічаць, што мы, беларусы, тыя, што засталіся без радзімы, без дамоў, без сем'яў, вымушаныя жыць у чужых краінах, і самі маем патрэбу ў дапамозе. Але кожны выбірае — быць ахвярай ці не. Я — не ахвяра і не хачу быць ахвярай.

Нам, беларусам, часам навязваюць стэрэатыпнае ўспрыняцце сябе: маўляў, мы — ахвяры, мы ўсё страцілі. І многім беларусам гэты стан быццам бы падабаецца. Але гэта не так: мы не ахвяры, мы дзеці Усявышняга, і ў нас усё добра.

Руслан прабудзе ў Афрыцы яшчэ каля двух тыдняў. Наперадзе — стары маршрут: закупка ежы для школ, для дзяцей з інваліднасцю, для сем'яў, якія жывуць у галечы.

Прадукты звычайна купляюць проста на месцы, на аптовых базах: 300 долараў дастаткова, каб 200 афрыканскіх дзяцей з прытулку не галадалі цэлы месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі