Выжыць на мінімалку. Паказваем, што ядуць самыя нізкааплатныя работнікі

Жыццё многіх беларусаў амаль як шоу "Выжыць любой цаной" / Еўрарадыё

Што такое мінімалка і хто яе атрымлівае

Мінімальны заробак у Беларусі з ліпеня складае 482,29 рубля. Гэта сума, менш за якую наймальнік не можа плаціць работніку, калі ён працуе на поўную стаўку і цалкам выконвае свае абавязкі. Памер мінімалкі ўсталёўваецца кожны год. На яго ўплывае і бюджэт пражытковага мінімуму, і сярэдні заробак па краіне. На працягу года мінімальны заробак індэксуецца ў залежнасці ад інфляцыі.

Гучыць усё нібыта не страшна, калі не задумвацца, што некаторым работнікам, якія пашуць цэлы месяц, плацяць 482 рублі. І гэта "бруднымі", гэта значыць да выліку падаткаў і адлічэнняў у пенсійны фонд. Калі паглядзець па наяўных цяпер вакансіях, то такія заробкі прапануюць самым розным работнікам — ад прыбіральшчыкаў да ветэрынарных лекараў, кухараў і памочнікаў выхавальнікаў у дзіцячым садзе.

Яшчэ страшней стане, калі ўдумацца, што на гэтыя грошы трэба жыць цэлы месяц: заплаціць камуналку, купіць сродкі гігіены, бытавую хімію, нейкую вопратку, патраціцца на транспарт і пры гэтым прымудрыцца не памерці з голаду. Апошняе, дарэчы, асабліва складана, таму што цэны на прадукты растуць казачнымі тэмпамі — не па днях, а па гадзінах, хоць чыноўнікі і кажуць, маўляў, кантралюем, стрымліваем. І ў гэтым выпадку шанцуе тым, каму на такі заробак яшчэ і дзіця не трэба карміць.

Мы вырашылі паглядзець, колькі застанецца грошай на прадукты пасля ўсіх абавязковых плацяжоў, што на іх можна купіць і як пры гэтым будзе выглядаць сутачны набор прадуктаў. Вядома, цалкам аб'ектыўную карціну скласці цяжка: занадта шмат пераменных. Але ў цэлым абмаляваць сітуацыю зусім магчыма.
 

Камуналка і іншыя абавязковыя плацяжы

Мы разлічылі выдаткі ўмоўнага сталяра Івана Пятровіча, які жыве ў Мінску адзін у аднапакаёвай кватэры недалёка ад працы і атрымлівае мінімальны заробак.

З 482,29 рубля адразу адымаем 13% падаходнага і 1% ФСАН. Застаецца 414,77 рубля. Цяпер трэба аплаціць камуналку. Тут мы ўзялі суму з рэальнай жыроўкі сталічнай аднапакаёўкі — 66,93 рубля. Сума за электрычнасць адтуль жа — за 120 кВт 23,68 рубля.

Самы бюджэтны тарыф на мабільную сувязь, які мы знайшлі, каштуе каля 10 рублёў. Таксама мы адмінусавалі аплату безлімітнага інтэрнэту — самы бюджэтны знайшлі за 17,80 рубля. Усяго ў нас засталося 296,36 рубля.

Івану Пятровічу пашанцавала, ён жыве блізка ад працы, таму на аўтобусе пад'язджае толькі часам, каб сэканоміць. Адымаем кошт, скажам, 20 паездак. Каштуе гэта 15,81 рубля. Каб больш ездзіць, давядзецца эканоміць на чымсьці іншым. Напрыклад, жыць без інтэрнэту ці менш есці (спойлер: куды ўжо менш!). Засталося 280,55 рубля.
 

Мыйныя і сродкі гігіены

Акрамя ўсяго іншага, чалавеку патрэбен хоць бы мінімальны набор гігіенічных і мыйных сродкаў. Цэны на іх (і на прадукты) мы бралі сярэднія па краіне (за жнівень), іх штомесяц публікуе Белстат. Гэта значыць, што па рэгіёнах, гандлёвых сетках і ў залежнасці ад маркі і іншых характарыстык тавару яны могуць адрознівацца. І тут у прыватным выпадку можна як сэканоміць, так і выдаткаваць больш. У нашым выпадку на гэта пайшло 39,98 рубля.

Добрая навіна: у нас набор для мужчыны, для жанчыны каштаваў бы даражэй. Дрэнная — на ежу засталося ўсяго 240,57 рубля.
 

Як выглядае паёк на суткі

Прадукты (спіс і колькасць ніжэй) мы выбіралі зыходзячы з таго, што Іван Пятровіч трохі ўмее гатаваць, не есць ежу хуткага прыгатавання і танныя каўбасныя вырабы, якімі многія гаспадары не кормяць нават сабак.

Другая частка набору / Еўрарадыё

На харчаванне пайшло 238,09 рубля. І гэта практычна ўсе грошы, што заставаліся. Сярод нашых прадуктаў беларуская гародніна, крупы, недарагое мяса, трохі рыбы, курыца, малочныя прадукты і іншае. Спіс здаецца вялікім, пакуль не пачынаеш дзяліць гэта ўсё на колькасць дзён, якую табе трэба пражыць.

Сутачны паёк чалавека, які жыве на мінімальны заробак, можа выглядаць прыкладна так. Пад здымкамі колькасць прадуктаў у грамах.

Меню на дзень можа быць такім: аўсяная каша з яблыкам, кава, дранікі са смятанай і гарбата на абед, яечня з хлебам і гарбата на вячэру. Ці такі варыянт: на сняданак бліны з кавай, на абед — грэчка і курыная ножка, на вячэру — бульба з салатай з гародніны. Так, зімой агуркі і памідоры чалавек з мінімальным заробкам, хутчэй за ўсё, не зможа сабе дазволіць.

Меню на панядзелак. 300–400 г бульбы, 50–70 г мукі, маленькая цыбуліна, 50 грамаў смятаны, 2 яйкі, 2 кавалачкі хлеба, 150 г аўсянкі, яблык, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты. Алей, цукар і соль ёсць на ўсе 30 дзён / Еўрарадыё
Варыянт меню на аўторак. 250 мл малака, 1 яйка, цукар, 120–150 г мукі, 80 г грэчкі (стандартная порцыя), курыная галёнка 120–140 г, 250–300 г бульбы, памідор, агурок, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты. Алей для смажання
Меню на сераду. 100 грамаў макароны, 70 г рысу, 150 г свініны, агурок, 300 г буракоў, 50 г смятаны, курыная галёнка 120–140 грамаў, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты
Варыянт меню на чацвер. 150 г тварагу, 50 г смятаны, 100 г макароны, 150 г фаршу, 500 г
капусты, 1 морква, цыбуліна, кавалачак хлеба, алей для смажання, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты
Меню на пятніцу. 150 г тварагу, 1 яйка, цукар, 70 г мукі, 80 г рысу, 150 г рыбы, 2 кавалачкі хлеба, 100 г каўбасы, агурок, алей для смажання, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты
Меню на суботу. Курыныя косткі, 150 г бульбы, морква, цыбуліна, 40 г рысу, 80 г грэчкі, кавалачак хлеба, 40 г сыру, 15 г алею, 3 кавалачкі батона, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты
Варыянт меню на нядзелю. 250–300 г бульбы, 150 г рыбы, памідор, 3 яйкі, малако, 2 кавалачкі хлеба, 150 г мукі, 250 мл кефіру, сталовая лыжка кавы, 2 пакецікі гарбаты

Выснова: жыць на мінімальны заробак немагчыма. Зразумела, што гэтая сума большая за бюджэт пражытковага мінімуму, які разлічваюць зыходзячы з патрэбаў абстрактнага чалавека ў вакууме, а не рэальнага. Яго памер цяпер 328,50 рубля. Але і плюс амаль 90 рублёў сітуацыю не ратуюць.

Выжыць на гэтыя грошы ўсё ж можна. Калі не купляць вопратку, мэблю і іншыя бытавыя рэчы, ніякіх забаў, больш хадзіць пешшу і мець ненаёмнае жыллё невялікай плошчы.

Дарэчы, не так ужо мала беларусаў выжывае на такую і меншыя сумы. Паводле звестак Белстата аб размеркаванні насельніцтва па ўзроўні сярэднедушавых наяўных рэсурсаў у II квартале 2022 года, на суму да 400 рублёў жывуць 8,9% людзей у краіне. Яшчэ ў 11,4% выпадкаў на чалавека прыпадае ад 400 да 500 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.