Віцэ-прэм'ер Крутой: Беларусь сама патрабавала ў Расіі сусветных коштаў на нафту

БЕЛТА
БЕЛТА

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Крутой заявіў, што Расія 7 лютага нарэшце саступіла патрабаванням Беларусі і пагадзілася прадаваць нафту па сусветных цэнах. "Гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзідэнт, беларускі бок. Што Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусветных катыроўках, і не горш", — сказаў намеснік кіраўніка ўрада, паведамляе БЕЛТА.

Што да недапаставак расейскай нафты ў Беларусь у студзені, то Дзмітрый Крутой патлумачыў журналістам затрымку ў перагаворным працэсе тым, што ў Расіі былі навагоднія вакацыі. "Але цяпер інтэнсіўнасць кантактаў паміж нашымі суб'ектамі гаспадарання вырасла", — адзначыў ён.

Як жа будзе далей развівацца супрацоўніцтва з Расіяй у нафтавай сферы? Беларусь выказвае намер купляць нафту не столькі ў буйных кампаній, напрыклад "Лукойла", "Раснафты", "Татнафты", колькі ў больш дробных гульцоў. А Уладзімір Пуцін, па словах Крутога, на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам паабяцаў гэтаму садзейнічаць.

Акрамя таго, Расея абяцае прыбраць яшчэ адну перашкоду на шляху сваёй нафты ў Беларусь, кажа Крутой. Паводле яго слоў, у дробных нафтавых кампаній у Расіі былі абмежаванні на пастаўкі нафты ў Беларусь па трубе, таму што гэтыя пастаўкі лічыліся экспартам. "Прэзідэнт Расіі паабяцаў гэтыя ўсе абмежаванні зняць. Яны ўстаноўлены для ўсіх экспартных рынкаў і паставак яго асобным указам. На Беларусь гэты ўказ не будзе распаўсюджвацца", - падкрэсліў беларускі віцэ-прэм'ер і дадаў, што неўзабаве "любая кампанія, якой будзе выгадна і цікава працаваць з нашымі НПЗ, атрымае допуск да трубы, транзіта, паставак праз "Транснафту" як агента" без аніякіх абмежаванняў.

Раней Лукашэнка неаднаразова папракаў Расею ў тым, што яна пастаўляе нафту ў Беларусь па завышаных цэнах, чаго не павінна быць у Саюзнай дзяржаве. І сённяшнія заявы Дзмітрыя Крутога на гэтым фоне гучаць як мінімум дзіўна.

Што тычыцца нафтавых перамоваў у Сочы 7 лютага, то беларускія эксперты ацэньваюць іх па-рознаму. Палітолагі называюць іх паразай і правалам беларускага боку. А эканамічныя аглядальнікі, наадварот, кажуць, што пераход на рынкавыя цэны на расейскую нафту пойдзе Беларусі на дабро, бо падштурхне ўлады да эканамічных рэформаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі