Усе mp3-прэм'еры апошняга тыдня: STANMARSH, “Джына”, Borovik і іншае

Мінулы тыдзень абышоўся без гучных рэлізаў. Тры альбомы і два сінглы прэзентавалі маладыя каманды. Так што давайце без лішніх словаў слухаць музыку.

STANMARSH — “V” (альбом)

Цяжкі альбом з абавязковай бас-бочкай з карданам. Гурт балансуе паміж металам і хардкорам. Хаця самі музыкі да вызначэння жанравай прыналежнасці падыходзяць іранічна: “Я граю поп-панк, а Лёшка — дэз-метал. Атрымліваецца STANMARSH”, — піша ВК басіст Дзіма Крапіцкі. А Лёша Крапіцкі — гэта яго брат і, па сумяшчальніцтве, гітарыст STANMARSH. Вось такая сямейная справа.

Паслухаць альбом можна тут. Еўрарадыё з дазволу музыкаў выкладае для праслухоўвання трэк “Stepsons Of Time”.

Stardust Circus — “Monkeys Of XXI” (альбом)

Дэбютны альбом мінскіх глэм-рокераў з філасофскім падтэкстам. Маўляў, хаця і жывём мы ў XXI стагоддзі, а як былі малпамі, так і засталіся. Цікавая дэталь: звядзеннем альбома займаўся Мікалай Няронскі, былы басіст “Песняроў”, які цяпер жыве ў Сіэтле.

Альбом прэзентаваны на сайце Ultra-Music. З дазволу гурта Еўрарадыё выкладае для праслухоўвання трэк “Prefect Killer”.

Rili Dope — “Boosted Rooster” (альбом)

Дэбютны альбом англамоўнай рэпкор-фармацыі Rili Dope не назавеш такім ужо рэпкоравым. Але хіба ёсць сёння сэнс у тым, каб прынцыпова захоўваць вернасць пэўнаму вузкаму жанру? Ёсць тут і хіп-хоп, і нумары пацяжэй, але галоўная разынка — спакойныя меладычныя “чытанкі” з рок-гітарамі.

Паслухаць альбом можна тут.

Borovik — “Moonlight EP” (EP)

Малады музыка-эксперыментатар Аляксей Баравік — бадай што адзіны выхадзец са Шчучына, які грае ў жанры ambient. Кампазіцыі ў яго атрымліваюцца пераважна спакойнымі і размашыстымі. З адпаведнымі назвамі. Напрыклад, “Eternity”.

Паслухаць extended play цалкам можна тут.

“Джына” — “Жывёла — добры фрэнд” (міні-альбом)

Нарэшце, адзіны на сёння беларускамоўны рэліз. Не адным :B:N: жыве бярозаўскі рок! Пакуль гурт Алеся Лютыча змяняе склад, каманда з назвай “Джына” запісвае міні-альбом з дзіўнай назвай і агульначалавечым зместам. Карацей, выпускаем джына з бутэлькі — слухаем “Цішыню”.

На сёння гэта ўсё. Наступны свяжак ад беларускіх музыкаў — праз тыдзень, 14 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі