Усаў: белпрапаганда працуе на Пуціна і рыхтуе беларусаў да горшага сцэнара

Беларусам прамываюць мазгі ў інтарэсах Крамля / AFP

Беларускія прапагандысты прасоўваюць антыдзяржаўную рыторыку на карысць Масквы, бо адчуваюць слабасць Лукашэнкі. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў палітолаг Павел Усаў.

Мы падрыхтавалі для вас аналіз паводзінаў прапагандыстаў у кароткім тэксце.

Пост з тыдзень таму напісаў Шпакоўскі [праўладны прапагандыст. — Еўрарадыё], што невядома, у якім кірунку будуць разгортвацца падзеі, але варта людзей рыхтаваць да самага непрыемнага сцэнара. Рыхтаваць да таго, што яны павінны бараніць рэжым. Тлумачачы, што гэта айчына заве. Яны зліваюць уладу Лукашэнкі з айчынай, з краінай. Што абсалютна недарэчна і не мае ніякага сэнсу для рэальных грамадзянаў Беларусі. Але для тых, хто падтрымлівае сёння Лукашэнку, і для тых, хто не вызначыўся, канешне, прапаганда пачынае інтэнсіўна прамываць мазгі, — кажа палітолаг. — Гэта і рыхтаванне да магчымага негатыўнага сцэнара, калі Беларусі прыйдзецца прымаць актыўны ўдзел у вайсковых дзеяннях. Але нават цяпер мы бачым, што расіяне не ведаюць, што з гэтым рабіць. Вось яны далучылі гэтыя тэрыторыі, і што далей? Таму, магчыма, пакуль няма відавочнага інтэнсіўнага ціску на Лукашэнку. Ён пакуль гучна не заявіў, што прызнае гэтыя рэферэндумы.

Тым часам прапаганда бяжыць наперадзе Лукашэнкі і прасоўвае парадыгму Крамля пра “саюзныя тэрыторыі”, якія саюзам і трэба бараніць, адзначае Усаў.

Яны ўжо не разглядаюць Беларусь як нешта асобнае. Гэта нейкая ўнутраная трансфармацыя прапагандыстаў, для якіх ужо расійскі свет значна важнейшы. Хаця яны яшчэ і абслугоўваюць Лукашэнку, яны ўжо фактычна зрабілі свята нейкае, перамогу з падзеяў на рэферэндумах, працуючы на рынак расійскі. І, з іншага боку, прасоўваючы ідэі Пуціна ў Беларусі. Яны сталі нават не легітымізатарамі Лукашэнкі, а легітымізатарамі новага парадку Пуціна.

Адна з прычынаў, чаму яны пачалі актыўна прасоўваць наратыў расійскі, была звязаная з маўчаннем Лукашэнкі. Ён жа нічога пасля Сочы не сказаў. Яны [прапагандысты. — Еўрарадыё] адчулі, што ў Лукашэнкі няма магчымасці нешта сказаць супраць Расіі, што ён не можа цяпер ужо функцыянаваць ва ўмовах маўклівага нейтралітэту. Таму яны пачынаюць усё больш і больш адкрыта казаць пра абсалютна прарасійскую палітыку ў Беларусі і Беларусь у расійскай палітыцы. Таму гэта ўжо антыдзяржаўная рыторыка абсалютна, якая падрывае нават рэшткі таго суверэнітэту, за які чапляецца Лукашэнка, — рэзюмуе Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.