У сям'і палітвязня Ігара Лосіка арыштавалі маёмасць

У сям'і палітвязня Ігара Лосіка арыштавалі маёмасць

У сярэдзіне ліпеня судовыя прыставы арыштавалі маёмасць сям'і палітвязня Ігара Лосіка.

Фрылансер Радыё "Свабода" Ігар Лосік трапіў за краты 25 чэрвеня 2020 года. У снежні 2021-га Гомельскі абласны суд прысудзіў яму 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле суда, Лосік і іншыя фігуранты яго справы прычынілі шкоду дзяржаве на 2,5 мільёна рублёў. Яшчэ каля 130 тысяч рублёў складаюць судовыя выдаткі. Усе гэтыя грошы дзяржава плануе спагнаць са сваякоў асуджаных.

Пра арышт маёмасці журналістам "Свабоды" расказала жонка палітвязня Дар'я Лосік.
 
"Арыштавалі тэлевізар. Піяніна таксама, хаця яго набылі бацькі, яшчэ калі я пайшла ў першы клас. Але дакументаў пра яго набыццё ў мяне не было, таму яго таксама арыштавалі. Чайнік арыштавалі, камплект мэблі з люстрам. Усё, што было набытае ў шлюбе. Як адна з супрацоўніц АПВ (Аддзел прымусовага выканання. — Еўрарадыё) мне патлумачыла, я магу выкупіць сваю маёмасць. Усю, альбо тую, якую захачу", — кажа Дар'я.

Каб выкупіць арыштаваную дзяржавай маёмасць, Ігар Лосік павінен атрымаць дазвол у Аддзеле прымусовага выканання. Толькі пасля гэтага можна будзе пералічыць грошы на дзяржаўны рахунак. Пакуль жа Дар’я не мае права ні карыстацца арыштаванай маёмасцю, ні нават перамяшчаць яе па кватэры.

"Мой чайнік зараз пад хатнім арыштам. Кватэра, у якой мы зараз жывём, з'яўляецца ўласнасцю маіх бацькоў. Яна паводле закону не мае ніякага дачынення да справы Ігара. Калі б гэта быў наш дом, то, як я разумею, яго таксама маглі б арыштаваць", — дадае жонка палітвязня.

Калі Лосікі не стануць выкупляць сваю маёмасць або не атрымаюць дазволу, яе выставяць на продаж. 

Пры гэтым судовыя прыставы сказалі жанчыне, што могуць прыйсці яшчэ не адзін раз: "Акрамя гэтага мне сказалі, што калі сума прычыненай шкоды вялікая, і ў кватэры ў мяне наўрад ці знойдзецца столькі маёмасці, то яны могуць хадзіць да мяне з нейкай перыядычнасцю і апісваць новую маёмасць. Гэта значыць, што калі я зараз сабе нешта набуду сама, то гэта таксама могуць арыштаваць і потым забраць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі