У РФ запускалі міжкантынентальную крылатую ракету з ядзернай сілавой устаноўкай?

"Буравеснік" 

"Буравеснік"  / mil.ru

Расія можа рыхтавацца да выпрабаванняў міжкантынентальнай крылатай ракеты з ядзернай сілавой устаноўкай "Буравеснік" ці ўжо правяла іх. Пра гэта паведамляе газета The New York Times. Яна спасылаецца на спадарожнікавыя здымкі Planet Labs.

На здымку, зробленым раніцай 20 верасня, журналісты пабачылі на стартавай пляцоўцы на архіпелагу Новая Зямля тэхніку, у тым ліку грузавік з прычэпам, які "адпавядае памерам ракеты". У той жа час сховішча ад непагадзі над стартавай пляцоўкай адсутнічала — яго адсунулі ў бок. Праз некалькі гадзін грузавік знік, а сховішча вярнулі.

На спадарожнікавых здымках ад 28 верасня вакол стартавай пляцоўкі зноў была заўважаная актыўнасць. Напрыклад, каля яе стаяў грузавік, а сховішча зноў было адсунута ў бок.

Вядома, што 31 жніўня расійскія ўлады выпусцілі апавяшчэнне, у якім рэкамендавалі пілотам пазбягаць "часова небяспечнай зоны" над часткай Баранцава мора і за некалькі кіламетраў ад згаданай стартавай пляцоўкі. Такое ж апавяшчэнне выпускалі перад выпрабаваннем "Буравесніка", якое адбывалася ў 2019 годзе. У той час на авіябазе ў 160 кіламетрах ад пляцоўкі знаходзіліся два самалёты "Расатама". Сёлета іх там бачылі ў жніўні-верасні.

Зразумела, што амерыканскія спецслужбы мусілі сачыць за выпрабаваннямі. Таму ў верасні ў згаданым рэгіёне былі заўважаны амерыканскія самалёты-разведчыкі.

The New York Times дапускае, што Расія можа праводзіць выпрабаванні толькі асобных кампанентаў ракеты.

"Медуза" нагадвае, што "Буравеснік" — гэта перспектыўная міжкантынентальная крылатая ракета неабмежаванай далёкасці з ядзернай энергетычнай устаноўкай. Упершыню аб стварэнні ракет гэтага тыпу ў сакавіку 2018-га заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У 2017-2019 гадах праходзілі шматлікія выпрабаванні і ўсе яны былі няўдалыя.

Ва ўмовах няўдач на вайне ва Украіне расійскае кіраўніцтва магло аднавіць выпрабаванні ракет. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі