У Мінску затрымалі БМВ, у якой ехалі ажно 12 чалавек (відэа)

У Мінску затрымалі БМВ, у якой ехалі ажно 12 чалавек (відэа)

26 ліпеня а трэцяй гадзіне ночы ў Мінску нарад ДПС затрымаў "БМВ 7", набітую пасажырамі пад завязку. У аўтамабілі ехалі 12 чалавек, піша "СБ. Беларусь сегодня".

Міліцыянты з дапамогай пробліскавых маячкоў і гукаўзмацняльніка запатрабавалі ад кіроўцы спыніцца, але той праігнараваў гэтыя патрабаванні. Праўда, з'ехаць ён здолеў недалёка, бо ўрэзаўся ў прыпаркаваны грузавік.

Высветлілася, што кампанія моладзі выпівала, а калі спіртное скончылася, вырашылі з'ездзіць "па дагонку". Па дарозе ў машыну ўзялі новых удзельнікаў вечарынкі. У выніку ў салоне ехалі восем чалавек, а чацвёра размясціліся ў багажніку.

Кіроўца, дарэчы, не меў правоў і быў п'яны —  1,44 праміле алкаголю. Уладальнік машыны, які ехаў разам з усімі, быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы ў жніўні 2018-га на тры гады — за нецвярозае кіраванне. У яго медагляд паказаў 1,88 праміле алкаголю.

Даішнікі выявілі, што ўладальнік спярша кіраваў аўтамабілем сам, а потым перадаў руль прыяцелю. На гаспадара аўто склалі чатыры пратаколы (перадача кіравання транспартным сродкам асобе, які не мае правоў; перадача кіравання асобе, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення; кіраванне транспартным сродкам без правоў; кіраванне ў стане ап'янення). Матэрыялы праверкі супрацоўнікі ДАІ перададуць у Следчы камітэт для крымінальнай справы. 

На кіроўцу склалі тры пратаколы — за кіраванне без правоў, у стане ап'янення і за парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі