У ЕС зноў выказаліся наконт прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі

У ЕС зноў выказаліся наконт прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі

Еўрасаюз у чарговы раз выступіў супраць прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама заклікаў улады нашай краіны адмовіцца ад сакрэтнасці ў крымінальна-выканаўчай сістэме. У заяве, якая з'явілася на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, адзначаецца, што ад праваабаронцаў стала вядома: сваяку асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Паўлава нядаўна адмовіліся паведаміць пра яго месцазнаходжанне.

"Адмова ў аператыўнай інфармацыі сваякам раней сведчыла пра таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам у Беларусі", — падкрэсліваюць у Бруселі. ЕС нагадвае пра сваё "безумоўнае непрыманне смяротнага пакарання пры любых абставінах".

Тыдзень таму сваячка Віктара Паўлава паведаміла, што ад яго паўтара месяца не было лістоў. Ёй адмовілі ў спатканні і не сталі казаць пра стан брата. У месцы ўтрымання Паўлава адвакату паведамілі, што асуджанага ў гэтай установе няма. У такой сітуацыі сястра Віктара Паўлава і зрабіла выснову, што яго расстралялі, але афіцыйных дакументаў на гэты конт не было, перадае БелаПАН.

У ліпені 2019-га Віцебскі абласны суд прысудзіў Паўлава да смерці за забойства дзвюх пенсіянерак.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой існуе смяротнае пакаранне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі