У Беларусі перабоі з лекамі ад гепатыту С. План Мінздароўя даў збой?

Калаж Улада Рубанава
Калаж Улада Рубанава

— Лекарка дала антырэтравірусную тэрапію толькі на месяц. Кажа, тэрапію гепатыту наогул адмянілі да восені, — паскардзіўся мінчук, які атрымлівае ад дзяржавы прэпараты ад віруснага гепатыту С.

Мужчына перажывае, што праз санкцыі яго пазбавілі лекаў, якія могуць дапамагчы вылечыцца ад сур'ёзнай хваробы. Але на медыкаменты санкцыі не распаўсюджваюцца. Чаму тады прэпараты выдалі толькі на месяц і сказалі, што тэрапію прыпыняць? Еўрарадыё паспрабавала ў гэтым разабрацца.

Мы патэлефанавалі на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя, каб пацікавіцца, ці маглі санкцыі паўплываць на даступнасць у Беларусі лекаў ад гепатыту С. Там нас папрасілі "не хвалявацца".

— Тут пра санкцыі наогул нічога [не гаворыцца]. Не, яна будзе, антырэтравірусная тэрапія, — запэўнілі ў Мінздароўя.

На наша пытанне, чаму пацыенту лекі выдалі на такі кароткі тэрмін, нам адказалі, што гэта звычайная практыка, калі трэба адсачыць, ці падыходзіць пацыенту такая схема лячэння. І каб прэпараты не сапсаваліся, калі іх выпісаць на працяглы тэрмін.

Але, як мы высветлілі, рэч не толькі ў гэтым.

“Дзяржава закупляе лекаў менш, чым трэба”

У Беларусі прэпараты для тэрапіі віруснага гепатыту С, які лічыцца самым небяспечным і без лячэння вядзе да цырозу печані і смерці, выдаюцца бясплатна. Наша Міністэрства аховы здароўя гэтым ганарыцца: мы адна з нямногіх краін, дзе ад гэтай хваробы лечаць за кошт дзяржавы. Беларусь нават хвалілі ў справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за ўклад у ліквідацыю віруснага гепатыту С у еўрапейскім рэгіёне.

Але план у чыноўнікаў яшчэ больш амбіцыйны. Да 2030 года Беларусь хоча наогул перамагчы вірусныя гепатыты. То-бок спыніць распаўсюд, вылечыць тых, каго можна вылечыць цалкам, і звесці да мінімуму колькасць пацыентаў з хранічнымі формамі захворвання. 

Для гэтага Мінздароўя зацвердзіла план элімінацыі (то-бок выкаранення) віруснага гепатыту С на 2020-2028 гады. У ім прапісана, колькі чалавек хварэе цяпер, колькі яшчэ можа захварэць; колькі пацыентаў плануецца вылечыць і каго — у першую чаргу. І галоўнае — як гэта зрабіць: якія лекі патрэбныя і якія схемы лячэння рэкамендуецца выкарыстоўваць.

В Беларуси перебои с лекарствами от гепатита С. План Минздрава дал сбой?
План Мінздароўя па выкараненні гепатыту С, зацверджаны ў 2020 годзе.

Дык вось, згодна з дакументам, у 2019-м у Беларусі былі зарэгістраваныя 33 000 пацыентаў з вірусным гепатытам С. За апошнія 18 гадоў захворванне знізілася амаль у 2,5 разу. Але колькасць пацыентаў, у якіх гепатыт пераходзіць у хранічную форму, устойліва расце. Плюс усё ж дадаюцца новыя хворыя — прыкладна 2-3 тысячы чалавек за год.

Самае цікавае ў гэтым амбіцыйным плане — прагнозы Мінздароўя. За 9 гадоў наша медыцына хоча пралячыць 49 450 пацыентаў. Гэтая лічба ахоплівае і тых, хто ўжо хварэе, і тых, хто заразіцца вірусам. А такіх людзей з году ў год мусіць станавіцца менш.

Калі ў 2020-м чакалі, што дадасца 2855 пацыентаў з гепатытам С, то ў 2023-м іх павінна быць ужо 1902. А ў 2028 годзе Мінздароўя плануе, што захварэе ўсяго 1 чалавек на ўсю краіну.

"Такім чынам, да 2028 года плануецца поўная элімінацыя віруса гепатыту С як пагрозы грамадскаму здароўю насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь (за выключэннем магчымых адзінкавых выпадкаў інфікавання, пры якіх супрацьвіруснае лячэнне будзе прызначацца неадкладна па меры выяўлення інфекцыі", — гаворыцца ў дакуменце, падпісаным тагачасным міністрам аховы здароўя Каранікам.

Складана праверыць, наколькі паспяхова гэтыя прагнозы выконваюцца і не адарваныя ці яны ад рэальнасці. Але гэтыя лічбы важныя. На іх дзяржава абапіраецца, складаючы планы закупак лекаў.

— Санкцыі тут ні пры чым, ніякіх лекаў санкцыі не забаранялі. Мінздароўя закупляе прэпаратаў ад гепатыту з разліку 1000-1200 новых пацыентаў за год толькі ў Мінску. А гэта менш, чым патрэбна, вось і не хапае прэпаратаў, — ананімна каментуе Еўрарадыё беларускі доктар з ініцыятывы "Белыя халаты".

Ці можна купіць лекі самастойна?

Ад гепатыту С лечыць не адзін нейкі лек. Як правіла, пацыентам неабходны курс лячэння на некалькі месяцаў, які складаецца з камбінацыі розных прэпаратаў.

Але лекі ад гепатыту С зніклі і з аптэк. Паводле звестак сайта pereboi.by (гэта праект грамадскага аб'яднання "Позитивное движение" і міжнароднай кааліцыі па гатоўнасці да лячэння ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі), прэпараты недаступныя з лістапада 2020 года. Са студзеня 2023 нельга купіць "Велпанат", з сакавіка — "Сафір", з красавіка — "Даклір".

Цяпер на tabletka.by мы знайшлі толькі "Рыбавірын" за 12,90 рубля. Але гэта не асноўны прэпарат у рэкамендаваных СААЗ схемах лячэння.

Лекі ад гепатыту С у Беларусі закупляюцца за кошт бюджэту і за кошт міжнародных фондаў. У асноўным грошы на барацьбу з ВІЧ і гепатытамі дае Глабальны фонд: у 2020 годзе зацвердзілі дадатковы бюджэт у 3,4 млн долараў.

У Беларусі лечаць арыгінальнымі супрацьвіруснымі прэпаратамі і джэнерыкамі. Не толькі імпартнымі, але і беларускай вытворчасці. Праўда, большасць нацыянальных фармкампаній проста фасуе і пакуе вырабленыя за мяжой прэпараты. Самастойна выпускаюць лекі толькі "Фармлэнд" і Барысаўскі завод медпрэпаратаў.

В Беларуси перебои с лекарствами от гепатита С. План Минздрава дал сбой?
За апошнія гады асартымент лекаў ад гепатыту С у аптэках скараціўся, а тыя, што былі, наогул зніклі

Дзяржава праводзіць дзяржзакупку лекаў, а затым размяркоўвае іх: нешта ідзе ў медустановы — і тады выдаецца пацыентам бясплатна, частка мусіць паступаць у аптэкі. Лекі ад гепатыту С не ўваходзяць у пералік абавязковых для продажу ў аптэках, а каштуюць яны вельмі дорага.

Калі купляць 12-тыднёвы курс з лекаў-джэнерыкаў у аптэцы самастойна, гэта можа абысціся ў суму ад 186 да 500 долараў у залежнасці ад камбінацыі. Напрыклад, "Сафасбувір" у спалучэнні з "Велпатасвірам" каштаваў у раёне 465 долараў, гаворыцца ў дакладзе "Доступ да лячэння ВІЧ-інфекцыі і гепатыту С у Беларусі 2021–2022".

У гадавы план закупак лекаў на 2023 год упісаныя "Глекапрэвір"/"Пібрэнтасвір". Гэтага прэпарата запланавана купіць 24 360 адзінак на суму 2 282 667 рублёў. То-бок адна ўпакоўка абыходзіцца дзяржаве ў 93,7 рубля. Таксама ў плане ёсць "Сафасбувір" — 211 160 адзінак на 1 147 082 рублі — і "Сафасбувір/Ледыпасвір" — 1260 упаковак на 45 733 рублі.

Аўкцыён па закупцы супрацьвірусных прэпаратаў ад гепатыту С адбыўся ў чэрвені гэтага года. Дзяржава купіла "Сафасбувір"/"Велпатасвір" — яго не было ў плане закупак, падпісаным міністрам Піневічам год таму, але раней ён быў у аптэках — на 1 999 971 рубель.

Таксама набылі "Глекапрэвір"/"Пібрэнтасвір" на 1 437 952 рублі. Калі цана на прэпарат засталася тая ж, што ў плане, то гэта больш за 15 300 упаковак.

Відаць, план Мінздароўя дае збой. Людзей, якія маюць патрэбу ў леках ад гепатыту С, паводле медыкаў, у краіне ўсё ж больш, чым прагназавала дзяржава. І з нейкай прычыны мы не паспяваем забяспечыць іх лекамі.

Выходзіць, што леташні запас вычарпаўся, а закупленыя ў чэрвені прэпараты яшчэ не дайшлі да пацыентаў.

Адзначым, што лекі маглі купляцца і за грошы Глабальнага фонду, але ў такім выпадку іх няма ў дзяржзакупках. І калі яны былі набытыя, то незразумела, чаму іх няма ў аптэках і паліклініках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі