Вы тут

"Свабода": У Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі ідуць "палітычныя чысткі"

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі / ncpi.gov.by

У Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі ў апошні месяц адбываюцца палітычныя чысткі, перадае Радыё "Свабода". Звольнілі ўжо 15 чалавек, і працэс яшчэ не спыніўся. 

Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюдам прававых дакументаў. Пасля таго, як НЦПІ публікуе дакументы на партале pravo.by, яны набываюць законную моц. 

Па словах супрацоўніцы цэнтра Вольгі, "чысткі" пачаліся ў красавіку. Звольнілі нават дзяўчыну, якой заставаўся яшчэ месяц сядзець у дэкрэтным адпачынку. "Яна расказала потым, што падпісвалася за Бабарыку, і так мы зразумелі, што пайшлі палітычныя чысткі. Але яны шукалі любую фармальную зачэпку, каб было ўсё законна", — кажа супрацоўніца НЦПІ.

Па яе словах, супрацоўнікам прапаноўвалі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. 

Па звестках "Свабоды", некалькі супрацоўнікаў НЦПІ, які з'яўляецца структурай Адміністрацыі прэзідэнта, падпісалі ліст дзяржслужбоўцаў, які ініцыяваў Павел Латушка. А шмат людзей не падпісалі ліст афіцыйных прафсаюзаў супраць санкцыяў.

"Здавалася б, Адміністрацыя прэзыдэнта, але іх не змаглі прымусіць. Але пагрозамі і дробным шантажом спрабавалі націснуць. І цяпер тыя, хто не падпісаў той ліст, чакаюць, што іх таксама могуць звольніць. А ў нас жа цэлымі аддзеламі не падпісвалі гэтыя лісты. Хаця мы і не завод, але ўсіх у адзін момант яны звольніць ня могуць, нехта мусіць працаваць. Але кропкава, па чалавеку з аддзелу, звальняюць. Вядома, што плануюцца чарговыя звальненьні", — кажа адзін са звольненых супрацоўнікаў цэнтра. 

Паводле яго, адкрытых праціўнікаў улады ў цэнтры — каля 30%, каля 10% падтрымліваюць Лукашэнку. А рэшта — пасіўныя людзі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.