Студэнтка БНТУ пра свой перформанс: "Вочы баяцца, а рукі робяць"

Студэнтка БНТУ падчас акцыі падтрымкі выкладчыкаў 23 верасня / фота з сацсеткі
Студэнтка БНТУ падчас акцыі падтрымкі выкладчыкаў 23 верасня / фота з сацсеткі

23 верасня тэлеграм-каналы абляцела фота студэнткі з БНТУ, якая выйшла на адзіночны пікет супраць умяшання адміністрацыі ўніверсітэта ў асабістае жыццё выкладчыкаў. Дзяўчына выйшла на перформанс з кветкамі, якія сімвалізуюць два сцягі, і з чорнай павязкай на вачах, на якой пералічаныя артыкулы 28, 33 і 53 Канстытуцыі. Менавіта на іх, на думку студэнткі, заплюшчвае вочы рэктарат.

Еўрарадыё паразмаўляла з дзяўчынай. Яна папрасіла не называць ні яе імя, ні факультэта.

“БНТУ проста закрывае вочы на гэтыя артыкулы”

Еўрарадыё: чаму вы адважыліся выйсці на адзіночны пікет?

Студэнтка БНТУ: зараз аказваецца вялікі ціск не толькі на студэнтаў, але і на супрацоўнікаў. І я хацела паказаць сваю салідарнасць з выкладчыкамі. Яны апынуліся ў такой сітуацыі, у якой даводзіцца падпісваць нейкія незразумелыя дакументы, якія абсалютна супярэчаць Канстытуцыі, то-бок вышэйшаму Закону. Гэтыя дакументы гавораць аб тым, што супрацоўнікі павінны паводзіць сябе належным чынам у грамадскіх месцах, не выказваць сімпатыю або антыпатыю палітычным партыям, у непрацоўны час паводзіць сябе гэтак, як і на працы, не гаварыць пра палітыку.

Я спецыяльна прапісала на масцы артыкулы Канстытуцыі, каб паказаць, што БНТУ проста закрывае вочы на гэтыя артыкулы.

“Усе глядзелі, як кіраўніцтва сядзіць на лавачках і "кантралюе сітуацыю”

Еўрарадыё: чаму не атрымалася масавай акцыі?

Студэнтка БНТУ: пры кожным манеўры налева-направа на студэнтаў аказваецца вялікі ціск, і не ўсе гатовыя выказваць сваё меркаванне публічна. Усе вельмі баяцца адлічэнняў і нейкіх санкцый. У БНТУ шмат разумных хлопцаў і дзяўчат, якія маюць уласнае меркаванне адносна сітуацыі ў Беларусі, але яны проста не могуць яго выказаць, бо іх запалохалі.

Калі сёння абвясцілі, што адбылася інаўгурацыя, студэнты універсітэта хацелі разам сабрацца каля галоўнага корпуса. Але кіраўніцтва, мабыць, даведалася аб гэтых намерах. Увесь рэктарат і вышэйстаячая адміністрацыя выйшлі і селі на лаўкі, кантралявалі сітуацыю. У мяне не атрымалася выйсці каля галоўнага корпуса, як я планавала раней, таму я правяла акцыю ўнутры студэнцкага гарадка. Прастаяла нядоўга, бо разумела, што там праходзіць не асабліва шмат людзей. Усе глядзелі, як кіраўніцтва сядзіць на лавачках і "кантралюе сітуацыю".

Еўрарадыё: а вы ўсё ж не пабаяліся выйсці, ды яшчэ і адна...

Студэнтка БНТУ: як гаворыцца, вочы баяцца, а рукі робяць. Аднагрупнікі мяне падтрымалі, сказалі, што я разумніца і малайчына, і гэта мне надае сіл. Падазраю, што мяне выклічуць у дэканат і папросяць растлумачыць, чаму я гэта раблю. Але з падтрымкай іншых студэнтаў, салідарных са мной, я змагу выстаяць.

Маўчанне выкладчыкаў

Еўрарадыё: як цяпер абстаноўка сярод навучэнцаў універсітэта і выкладчыкаў?

Студэнтка БНТУ: у верасні студэнты спрабавалі рабіць нейкія грамадскія мерапрыемствы, але адміністрацыя БНТУ гэта адразу пагасіла, сказала, што не дапусціць ніякіх масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі свайго ўніверсітэта. У выніку студэнтамі была прынятая іншая стратэгія — хлопцы і дзяўчаты, як партызаны, лепяць стыкеры на сценах універсітэта, і гэта натхняе. Мы робім гэта, каб іншыя бачылі, што нас відавочна не меншасць.

На жаль, выкладчыкі маўчаць. Мы бачылі шмат прыкладаў салідарнасці ад выкладчыкаў іншых ВНУ — да прыкладу, БДМУ, МДЛУ. Але ў БНТУ такога не было, і цалкам магчыма, што гэта звязана з тым самым дакументам, які супрацоўнікаў просяць падпісаць.

Еўрарадыё: гэта апошняя акцыя ад вас ці не? Што далей?

Студэнтка БНТУ: Я не ведаю, як усё гэта будзе паварочвацца далей. У любым выпадку, я гатовая падтрымаць іншых студэнтаў, таму што мы ва ўніверсітэтах — гэта рухаючая сіла, і, гледзячы на МДЛУ і БДУ, я разумею, што за намі будучыня.


Для тых, хто не ведаў, што значаць гэтыя тры артыкулы, нагадаем, што артыкул 28 Канстытуцыі РБ гаворыць: "Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на таямніцу яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць".

Артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі: "Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне".

Артыкул 53 Канстытуцыі Беларусі: "Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі