Вы тут

Слуцкая ад следчага даведалася, што затрыманая за праект грамадскай тэлевізіі

Юлія Слуцкая / Еўрарадыё

Заснавальніцу "Прэс-клуба" Юлію Слуцкую затрымалі за праект стварэння грамадскай тэлевізіі. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю з СІЗА, якое перадала праз адваката Сяргея Лепеша, піша TUT.by.

Слуцкую затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск 22 снежня, калі яна з блізкімі вярталася з адпачынку дадому. У гэты ж дзень былі затрыманыя іншыя супрацоўнікі "Прэс-клуба". У іх кватэрах і на офісе арганізацыі адбыліся ператрусы.

Цяпер фігуранты "справы Прэс-клуба" знаходзяцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. 

Па словах Слуцкай, у аэрапорце яе папрасілі прайсці праз "чырвоны" мытны калідор. Потым супраоўнікі ДФР Камітэта дзяржкантролю на мікрааўтобусе завезлі яе дадому, дзе адбыўся ператрус. Прычым жанчыне ніхто не тлумачыў, у чым яе падазраюць. Пасля ператрусу быў будынак ДФР КДК на вуліцы Кальварыйскай, дзе ішлі шматгадзінныя "гутаркі". Паспаць у тую ноч заснавальніца "Прэс-клуба" змагла толькі 30 хвілін, дый тое — на стале. Першы дакумент пра сваё затрыманне яна пабачыла толькі зранку 23 снежня. 

Другую ноч супрацоўнікі "Прэс-клуба" правялі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым іх перавялі ў СІЗА №1. У камеры Юліі знаходзіцца сем чалавек. Трое з іх — "палітычныя". "Адна жанчына была затрыманая па "справе Ціханоўскага", другая дзяўчына — студэнтка-актывістка, трэцяя — валанцёрка", — распавядае Слуцкая. 

Па словах адваката, у камеры ёсць тэлевізар (па якім ідзе толькі БТ), кніга Дэйла Карнегі "Як перастаць турбавацца і пачаць жыць", а таксама падручнік па англійскай мове. Сама Юлія моцна перажывае за сына — Пятра Слуцкага таксама затрымалі па "справе Прэс-клуба". 

Больш чым за два тыдні, якія Слуцкая знаходзіцца пад вартай, яна не атрымала ніводнаго ліста або паштоўкі — толькі адну тэлеграму. 

Заснавальніца "Прэс-клуба" кажа, што ў лістападзе выявіла, што да яе акаўнта ў Telegram падключаны камп'тар, які знаходзіўся недзе ў Расіі. 

"Яна звярнулася да спецыялістаў. Яны выявілі, што падключэнне было зроблена яшчэ 11 чэрвеня. Тады яна пасмяялася, што ёю асабліва цікавяцца, калі падключыліся яшчэ да жніўня, але не надала гэтаму факту належнага значэння", — перадае адвакат.

Па словах Слуцкай, ёй не паказалі дакументальнага пацвярджэння сумы недаплачаных падаткаў, не былі названыя падставы, па якіх "Прэс-клуб" павінен быў заплаціць большыя падаткі. Ад следчага яна ўпершыню даведалася, што справа пра нявыплату падаткаў датычыць праекта грамадскай тэлевізіі, якое нібыта хацелі стварыць былыя тэлежурналісты.

"Акадэмія "Прэс-клуба" сапраўды праводзіла хакатон медыяпраектаў. Было больш за 30 заявак. Журы, якое складаецца з медыяэкспертаў і інвестараў, выбрала сем праектаў, якія трапілі ў інкубатар. Праекты былі накіраваныя на розныя ўзроставыя і мэтавыя групы і не мелі ніякага дачынення да палітыкі. Адзін з нядаўніх быў відэапраект, але ніякага дачынення да тэлевізіі ён не мае", — перадала Слуцкая праз адваката.

Яна ўпэўненая, што яе затрымалі за прафесійную дзейнасць. 

6 студзеня сваякі затрыманых супрацоўнікаў "Прэс-клуба" перавялі на рахунак цэнтральнага апарата Следчага камітэта кампенсацыю налічанай следчымі шкоды — 109 769 рублёў. 

Як паведамлялася раней, па "справе Прэс-клуба" затрымалі Юлію Слуцкую, Алу Шарко, Сяргея Альшэўскага, Сяргея Якупава, Пятра Слуцкага і былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.

31 снежня ім прад'явілі абвінавачванне. Слуцкую вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Слуцкага, Луцкіну — у саўдзеле ў злачынстве. Расіяніна Сяргея Якупава вызвалілі з СІЗА і выслалі з Беларусі, на бліжэйшыя 10 гадоў яму забаранілі ўезд у краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.