Неўязныя ў ЕС: Адпачываць трэба ў Беларусі!

Сёння ў спісе асоб, якім забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза, — 175 беларускіх чыноўнікаў, суддзяў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і журналістаў. Але, як прызнаўся Еўрарадыё рэдактар часопіса “Беларуская думка” Вадзім Гігін, Еўропа яго ніколі не вабіла ў якасці месца для адпачынку.

Вадзім Гігін: “Я ніколі не адпачываў на тэрыторыі краін Еўропы, можа, за выключэннем Балгарыі і Чарнагорыі, якія шэнген увялі. Ніколі і не планаваў там свой адпачынак. Бо там адпачынак дарагі. Калі нехта плануе Францыю, Іспанію, Італію — мы не такія багатыя людзі, каб у такіх дарагіх краінах адпачываць. Таму гэтыя санкцыі ніяк мае планы на адпачынак не закранулі”.




Унесены ў спіс неўязных толькі напачатку гэтага года, Вадзім Гігін пакуль яшчэ ў адпачынку не быў. І не планаваў, дзе яго будзе праводзіць. Праўда, ужо мае запрашэнне ад сяброў з Чарнагорыі і Крыма. І добрыя ўражанні маці, якая паспела адпачыць у адным з беларускіх санаторыяў. Зараз вырашае — на якім варыянце спыніцца. У кожным разе, кажа, што любіць актыўны адпачынак у экзатычных краінах. А Еўропа пад гэты крытэр не падпадае. І расказаў, у якім выпадку яна можа яго зацікавіць.

Вадзім Гігін: “Ну, Эйфелева вежа, ну, Брандэнбургская брама, ну, Калізей — ну і што? Усё гэтае старое, замшэлае. Вось калі бедуіны паставяць намёты каля Калізея і пад Эйфелевай вежай будуць пасвіцца вярблюды, а мясцовыя хрысціяне ператворацца ў нацыянальную меншасць — вось гэта будзе цікава, хоць і сумна. Але ўсё да гэтага і ідзе. Пакуль еўрапейцы займаюцца ўвядзеннем санкцый супраць беларускіх журналістаў, у іх унутры самой Еўропы выспела столькі праблем, што прымаўка пра тое, што яны ў чужым воку пылінку бачаць, а ў сваім — бервяно не заўважаюць, тут падыходзіць як ніколі”.

Нягледзячы на гэта, Вадзім Гігін уважліва сочыць за рухам сваёй скаргі ў Страсбургскі суд з нагоды ўнясення яго у спіс неўязных. Штодня атрымлівае рассылку з еўрапейскага суда і падлічыў, што нейкае рашэнне па яго справе мусіць быць увосень.

Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў у спісе неўязных з 2006 года. У суд з гэтай нагоды раней не звяртаўся і зараз не збіраецца. Маўляў, сам факт з’яўлення гэтага спісу — рашэнне палітычнае, і ніякі еўрапейскі суд насуперак гэтаму рашэнню не пойдзе. Што ж тычыцца адпачынку, то яго ў старшыні сенату яшчэ не было. Але калі збярэцца, то адпачываць будзе на радзіме — па свеце за ўсё жыццё наездзіўся.

Анатоль Рубінаў: “Апошнія гады я аддаю перавагу правядзенню адпачынку ў Беларусі — мне тут больш клімат падыходзіць і ўсё такое. Ну, а дзе — я яшчэ не вырашаў. Што тычыцца занятку падчас адпачынку, то ў мяне ёсць розныя захапленні: я фатаграфіяй займаюся, пішу нешта... Таму ў мяне ёсць чым заняцца”.




Дарэчы, што тычыцца пісьменніцтва, то ім старшыня Савета Рэспублікі займаецца не толькі падчас адпачынку — новыя песні піша круглы год. І спецыяльна для слухачоў Еўрарадыё праспяваў адзін са сваіх апошніх твораў. Філасофскага, так бы мовіць, зместу.

Pestnja good.mp3

Адпачываць на айчыне будзе і сталы неўязны старшыня Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік.

Мікалай Лазавік: “Стаўбцоўскі раён, вёска Тулёнка. Там у мяне вясковы домік, звычайны сялянскі дом з выгодамі на вуліцы і калодзежам у двары. Там рэчка, там лес, дзе можна адпачыць душой, што называецца”.

І горда распавёў пра тое, што ніколі, за выключэннем аднаго вымушанага разу, не бываў на цёплых марах — аддае перавагу рыбалцы на беларускіх вадаёмах.



Мікалай Лазавік: “Я ніколі не ездзіў ні ў Турцыю, ні ў Егіпет, ні на Чорнае мора, ні на Чырвонае. І не цягне мяне туды. Я аматар актыўнага адпачынку з вудай на рэчцы альбо з кошыкам у руках у лесе. Вось гэта сапраўдны адпачынак! А сядзець на беразе і глядзець праз цёмныя акуляры ў неба — гэта не маё”.

Еўрарадыё: “Навошта ж у неба — там столькі дзяўчат з мінімумам адзежы!”

Мікалай Лазавік: “Ну, гэта таксама, як кажуць, у меру павінна быць. Без гэтага таксама нельга, але і яно павінна быць у меру. Я аматар актыўнага адпачынку, і на вёсцы такі адпачынак забяспечваецца”.

А таксама расказаў, што зараз яго кіраўніца — старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына — знаходзіцца ў адпачынку. І бавіць час не ў горадзе сваёй мары Парыжы, а ў Драздах пад Мінскам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі