Расія "ідзе насустрач" РБ у пытанні пагашэння даўгоў па крэдытах — Круты

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / kommersant.ru

Расія пойдзе насустрач Беларусі ў пытаннях пагашэння запазычанасці па раней выдадзеных крэдытах, а таксама па працэнтах па іх. Аб гэтым заявіў беларускі пасол у Расіі Дзмітрый Круты ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню. Размова ў інтэрв'ю ішла аб новых праграмах інтэграцыі, якія на мінулым тыдні падпісалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Праграмы разлічаны да 2026 года.

"Важны блок — гэта праца з дзяржаўным доўгам і забеспячэнне макраэканамічнай і фінансавай збалансаванасці", — заявіў Круты. Паводле яго слоў, Расійская Федэрацыя ідзе насустрач беларускай эканоміцы, "чуе ўсе нашы прапановы". Цяпер міністэрствы фінансаў выпрацоўваюць стратэгію работы з доўгам і працэнтамі да 2026 года. Гэта робіцца для таго, каб "дзярждоўг не ціснуў на бюджэт Беларусі і каб тыя рэсурсы, якія вызваляюцца, можна было б накіроўваць на інвестыцыйныя праекты, падтрымліваць усе праграмы развіцця, якія прыняты ў рэспубліцы, а таксама захоўваць на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы Беларусі", — растлумачыў Круты.

Яшчэ адным пытаннем, якое абмяркоўвалі Лукашэнка і Пуцін, быў кошт расійскага прыроднага газу для Беларусі. Круты адзначыў, што цана для Беларусі "на сённяшні дзень у чатыры разы ніжэйшая за ўзровень цэн для еўрапейскіх краін". Але, калі перавесці яе ў расійскія рублі, усё роўна атрымліваецца вышэй за ўзровень расійскага рынку. Беларусь жа дабіваецца роўных цэн, аргументуе неабходнасцю стварэння роўных умоў для вытворцаў. Але ў гэтым пытанні Расія на саступкі не пайшла. Дамовіліся, паводле слоў Крутога, вярнуцца да гэтага пытання пасля 2026 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі