Вы тут

Пяты затрыманы па справе Зянковіча і Фядуты — 35-гадовы дальнабойшчык

Дзяніс Краўчук / nn.by

Пяты затрыманы па справе Юрыя Зянковіча і Аляксандра Фядуты — 35-гадовы дальнабойшчык Дзяніс Краўчук з Мядзельскага раёна. Ён знаходзіцца за кратамі з 26 красавіка. Паводле адукацыі Краўчук фізік-ядзершчык, скончыў фізічны факультэт БДУ, паведамляе "Наша ніва".

У красавіку стала вядома, што выстаўлены абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК) Юрыю Зянковічу, Аляксандру Фядуце, Рыгору Кастусёву і Вользе Галубовіч. Апошняя раней займалася справамі мінскага офіса Зянковіча, які дапамагаў людзям з міграцыяй у ЗША, а пасля выконвала яго даручэнні. Дзяніс Краўчук у жніўні разам з Юрыем Зянковічам быў у адной камеры пасля затрымання за акцыю пратэсту ў Мядзелі. Па іншай версіі, ён даглядаў дом Зянковіча на Мядзельшчыне. Восенню 2020-га Краўчук уладкаваўся ў Літве на працу дальнабойшчыкам і з'ехаў туды. У красавіку сёлета ён прыехаў у Беларусь, каб працягнуць візу. У Нарачы яго затрымлівалі больш за дзясятак супрацоўнікаў КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.