Пракоп'еў, Сахашчык і Ягораў паехалі ў турнэ. Хутка і ў тваім горадзе (сур'ёзна)

Пракоп'еў прапанаваў стварыць “мафію”, Сахашчык і Ягораў не супраць. Што?

Пракоп'еў прапанаваў стварыць “мафію”, Сахашчык і Ягораў не супраць. Што? / Euroradio

Выбары 2020 года мусілі быць самымі нуднымі ў беларускай гісторыі. А потым з'явіўся трыумвірат — і вы помніце, што было далей.

Хоць не: самымі нуднымі ў беларускай гісторыі мусілі быць выбары ў трэцяе скліканне Каардынацыйнай рады! А потым, вы не паверыце, з'явіўся трыумвірат.

Вадзім Пракоп'еў, Валер Сахашчык і Андрэй Ягораў ладзяць серыю сустрэч з беларускай дыяспарай за мяжой. Калі коратка, вось што яны прапануюць на сустрэчах: з'яднацца і стварыць “цэнтр сілы”. То-бок супольнасць беларусаў з гарызантальнымі сувязямі і празрыстай справаздачнасцю. Такую “беларускую мафію”, толькі без крыміналу і перастрэлак, але з падаткамі і выбарамі. Тым, каму не падабаецца слова “мафія”, Пракоп'еў прапануе назву Diaspora United (можна прыдумаць іншую).

Прокопьев, Сахащик и Егоров поехали в турне. Скоро и в твоём городе (серьёзно)
Вадзім Пракоп'еў, Валер Сахашчык і Андрэй Ягораў / Euroradio

Мы паспрабуем максімальна коратка палумачыць, што да чаго. Вось алфавіт сустрэчы, якая прайшла напярэдадні ў Варшаве.

А. Акно магчымасцяў. Прыкладам, чарговы “Прыгожын” ідзе браць Крэмль — і для Беларусі адкрываецца акно магчымасцяў. Ці гатовыя да гэтага дэмсілы? Пракоп'еў лічыць, што не (усе будуць сутаргава чытаць тэлеграм і не разумець, што далей). Бо яшчэ на “а” — “апатыя”.

Б. Беларусаў ўнутры Беларусі гэта злуе. Калі б Пракоп'еў быў у Беларусі, яго б злавала: мінімум трыста тысяч чалавек — і ўсе ў апатыі! Таму трэба неяк страсянуцца.

— Наш рух у тупіку. Пры наяўным лідарстве мы пралятаем як мінімум чатыры вокны магчымасцяў. Выйсце з тупіка я бачу ў тым, што як мінімум 350 тыс. чалавек, якія эмігравалі, робяць супольныя высілкі, — кажа Пракоп'еў.

В. Выбары. І для пачатку можна паўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Хаця б для таго, каб больш не скардзіцца, што вас у ёй ніхто не прадстаўляе, — узбадзёрцеся і выбярыце сабе кандыдата (ці ўвогуле прасоўвайце сваю кандыдатуру).

Яшчэ адна прычына паўдзельнічаць у выбарах ад Ягорава: “Гэта будзе рабіць рэжыму нервы”. Бо рэжыму нашмат прыемней назіраць за апатычнай дыяспарай.

Г. Грошы. А дакладней, падаткі. Калі ў беларусаў у эміграцыі будзе свой маленькі бюджэт, не давядзецца раз на год ладзіць марафоны салідарнасці. Заўсёды можна ўзяць грошы на дапамогу сем'ям палітвязняў з бюджэту.

Д. Дыяспара. У выніку дыяспара павінна пабудаваць нешта накшталт карпарацыі ці прафсаюза.

"Diaspora United Corporation. З назіральнай радай, слушнай працэдурай выбараў, фінансавай чысцінёй і празрыстасцю — з першага дня. А не як дэманстравалі некаторыя. Гаворка ідзе пра масавую ідэю — не пра тысячу, а пра сто тысяч беларусаў", — дадае Пракоп'еў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі