Працуе ў цэху, моцна схуднеў — калегі пра палітзняволенага журналіста

Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў у судзе па "справе БелаПАН" / @sputnikby
Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў у судзе па "справе БелаПАН" / @sputnikby

Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі і працуе ў цэху дрэваапрацоўкі. Пра гэта стала вядома яго калегам з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Лісты ад Аляксандрава стабільна прыходзяць толькі блізкім сваякам. "Астатняя карэспандэнцыя фільтруецца ці ўвогуле блакуецца", — кажуць у БАЖ. Аляксандраў моцна схуднеў, але трымаецца бадзёра і не губляе пачуцця гумару. Стараецца займацца фізкультурай — робіць зарадку і практыкаванні. Выпісаў "Прэсбол", каб быць у курсе футбольных навін. Аляксандраў — заўзятар англійскай футбольнай Прэм'ер-лігі, яго любімая каманда — "Ліверпуль".  Ужо ў зняволенні ён пераклаў на беларускую мову гімн "Ліверпуля" "You'll Never Walk Alone".

Нагадаем, у кастрычніку 2022 года ў Мінскім абласным судзе вынеслі прысуд па "справе БелаПАН". Аляксандраву прызначылі самы вялікі тэрмін — 14 гадоў калоніі, яго абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў КК: у арганізацыя і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; ва ўхіленні ад выплаты падаткаў; у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і здрадзе дзяржаве. Яго жонка Ірына Злобіна атрымала 9 гадоў, кіраўнікі БелаПАН Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў і Ірына Леўшына — 4 гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі