Вы тут

Піць сталі больш: як выконваюцца дзяржпраграмы, прынятыя 5 гадоў таму

Праграму "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" чыноўнікі назвалі высокаэфектыўнай

У канцы мінулага года ўрад зацвердзіў 21 дзяржпраграму на 2021–2025 гады. У тэорыі — гэта стратэгічныя планы развіцця пэўных галін. Гучыць нядрэнна, праўда? Але на практыцы — што можна спланаваць у перспектыве аж пяці гадоў у свеце, дзе раптам з'яўляецца каранавірус і ўсе планы коцяцца пад адхон?

Затое цяпер можна гаварыць пра тое, што на наступныя пяць гадоў у Беларусі ўсё спланавана і пад кантролем. А да таго таксама было спланавана — бо былі і дзяржпраграмы на 2016–2020 гады. Еўрарадыё паглядзела, што было напісана і як выконваліся самыя прыкметныя з іх.
 

Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва

Звестак пра дзейнасць малога і сярэдняга бізнесу за 2020 год на Белстаце пакуль няма, як няма і справаздачы Мінэканомікі аб выкананні дзяржпраграмы "Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь". Да большасці мэтавых паказчыкаў у папярэднія гады дацягнуць не атрымлівалася. Наўрад ці гэта ўдалося зрабіць і ў год "чорных лебедзяў".

Нялёгка быць ІПшнікам / Еўрарадыё

Да канца 2020 года МСП павінна было сфармаваць 40% валавой дабаўленай вартасці ў краіне. У 2019 годзе выйшла дарасці толькі да 30%, хоць у плане стаяў арыенцір на 34,9%. У пачатку пяцігодкі гэты паказчык быў ненашмат ніжэйшы — 27,5%.

Разлічвалася, што малы і сярэдні бізнес зможа працаўладкаваць ці хоць бы прыцягнуць да сваёй дзейнасці 39,6% працаздольных людзей краіны. У 2019 годзе выйшла толькі 32,1% пры плане 35,3%. У 2016 годзе ў гэтай сферы працавалі 31,5% працаздольных грамадзян Беларусі.

Мінэканомікі планавала стварыць умовы, пры якіх на адну тысячу занятых у эканоміцы прыпадала б 31,2 адзінкі юрыдычных асоб з МСП. У 2019 годзе было толькі 25,6. І гэта пры тым, што занятых у эканоміцы з 2016 да 2019 года стала на 71,5 тысячы менш!

Гэта ж акалічнасць дапамагла ўладам выканаць план па колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў на тысячу работнікаў. Мэта праграмы мінулай пяцігодкі — 56,6 адзінкі. У 2019 годзе ІП было 59,3 на тысячу работнікаў.

Паводле звестак Белстата, на 1 снежня 2020 года ў Беларусі працавала 270,8 тысячы іпэшнікаў. Да канца 2016 года было 235,9 тысячы. Але па звестках РГА "Перспектыва", многія прадпрымальнікі бачаць свой бізнес як сродак выжывання і заробку "тут і цяпер", без магчымасці росту. Мяркуючы па тым, што іншыя паказчыкі па МСП кульгаюць, прырост ІП сапраўды толькі колькасны, а не якасны.

Удзельная вага выручкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме краіны на 0,1% не дацягнула да мэтавай у 2019 годзе. Тады яна склала 43,2%. Па выніках 2020 года яна павінна вырасці да 47,4%.

Мінэканомікі ацэньвала рэалізацыю праграмы ў 2016–2019 гадах як сярэднеэфектыўную.
 

Сацабарона і садзейнічанне занятасці

Беспрацоўе ў трэцім квартале 2020 года — 4% / з архіва sb.by

Дзяржпраграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва рэгулюе ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя. Гэты паказчык уключае не ўсіх беспрацоўных, а толькі тых, хто зарэгістраваўся на біржах працы.

Па дзяржпраграме, зарэгістраванае беспрацоўе павінна было знаходзіцца ў межах 1,5–2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Да верасня 2016 года гэты паказчык быў на ўзроўні 1%. У сакавіку 2020 года — 0,2%. Далей на эканоміку пачаў уплываць каранавірус, і Мінпрацы перастала публікаваць статыстыку. Хоць у 2019 годзе, калі зарэгістраванае беспрацоўе падала, звесткі публікаваліся чатыры разы на год.

Белстат публікуе статыстыку па беспрацоўі ў цэлым. У 2016 годзе яна складала 5,8%, у трэцім квартале 2020 года — 4%. Пры гэтым дзесьці "боўтаюцца" праславутыя "грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы", пра якіх урад кожны год успамінае, але чамусьці не ўлічвае ў статыстыцы па беспрацоўі.

Колькі іх было ў 2020 годзе, чыноўнікі не казалі. Але ў снежні 2018 года міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч казала, што ў базу "дармаедаў" унеслі блізу 500 тысяч чалавек. А гэта больш за 5% насельніцтва Беларусі.

Яшчэ адной задачай Мінпрацы было зніжэнне вытворчага траўматызму. У 2016 годзе пацярпелых на вытворчасці было 1476. З іх 78 чалавек памерлі. У 2017 годзе выпадкаў траўмавання стала менш, потым статыстыка зноў фіксавала рост. У 2019 годзе пацярпелых было ўжо 1793, у тым ліку 95 работнікаў загінула.

У чыноўнікаў атрымалася скараціць колькасць работнікаў з упершыню ўстаноўленым прафесійным захворваннем. Ну, прынамсі, па паперах. У 2016 годзе іх было 97, а ў 2019-м — 56.
 

Здароўе і дэмаграфічная бяспека

Мінскі доктар / Еўрарадыё

Праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016–2020 гады цікавая ў першую чаргу тым, што рэдагавалася восем разоў. Праз гэта часам цяжка сказаць, якіх паказчыкаў улады планавалі дамагчыся да 2020 года. Напрыклад, калі верыць апошняй рэдакцыі, сумарны каэфіцыент нараджальнасці з 2016 да 2018 года павінен быў паслядоўна павялічвацца (1,71, 1,72, 1,73), а ў 2019-м рэзка ўпасці да 1,37. У 2015 годзе, калі прымалася праграма, гэты паказчык складаў 1,724. У 2019 годзе ён знізіўся да 1,382. Вось і адкарэктавалі праграму.

Папаўняць насельніцтва Беларусі ўрад разлічваў у тым ліку і за кошт мігрантаў. Планавалася, што міграцыйны прырост да 2020 года дасягне 63,5 тысячы чалавек. У 2016 годзе ён склаў 7,9 тысячы чалавек, а ў 2019-м — 13,8 тысячы чалавек.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.