Вы тут

Пасля "сутак" мужчыну, які пафарбаваў свой дом у БЧБ, звольнілі з працы

Дом Анатоля Каханчыка / Фота Мікалая Шараха

Анатоля Каханчыка, жыхара вёскі Алешча Полацкага раёна, звольнілі з працы. Перад тым мужчына адседзеў сем сутак за тое што пафарбаваў свой дом у колеры нацыянальнага сцяга — бел-чырвона-белыя. У судзе ацанілі гэта як несанкцыянаванае пікетаванне. 

Дом размешчаны каля чыгункі, і яго добра бачна з цягнікоў. 

"Учора, 16 лютага, выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання, а сёння мяне звольнілі з працы. Забраў працоўную кніжку. Я адпрацаваў на чыгунцы 38 гадоў, быў брыгадзірам пуці. Звальненне аформілі па пагадненні бакоў", — кажа Каханчык у каментары TUT.by.

Зафарбоўваць белыя і чырвоныя паласы на сваім доме мужчына не збіраецца, хоць міліцыя просіць яго пра гэта, пагражаючы зноў скласці пратакол.

18 лютага мужчыну споўніцца 62 гады. Ён кажа, што працы ў яго вёсцы няма, уладкавацца кудысьці будзе складана. Але не губляе аптымізму: "Улетку грыбы-ягады пойдуць, не прападу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.