Палітвязня Міколу Дзядка на 4 месяцы пасадзілі ў памяшканне камернага тыпу

Палітвязня Міколу Дзядка на 4 месяцы пасадзілі ў памяшканне камернага тыпу

Палітвязня Міколу Дзядка на чатыры месяцы змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) за адмову выходзіць на працу. Пра гэта "Новаму часу" расказаў бацька палітвязня Аляксандр Дзядок.

10 сакавіка Мікола адмовіўся працаваць, пратэстуючы супраць таго, што яго пазбавілі перапіскі і пераследуюць тых асуджаных, якія з ім камунікуюць. Палітвязня адправілі ў ПКТ, а двух асуджаных, якія працягвалі з ім размаўляць, змясцілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). 

Па словах бацькі Дзядка, у ПКТ холадна і брудна. Уначы там адключаюць ацяпленне, не зважаючы на мінусавую тэмпературу. 

22 сакавіка Аляксандр Дзядок спрабаваў перадаць сыну рэчавую перадачу, але яе не прынялі. У перадачы былі зубныя пасты, шчоткі, прылады для галення. "Але каб пазбавіць яго магчымасці прыводзіць сябе ў чалавечы выгляд, яны адмовіліся прымаць гэтую рэчавую перадачу. Таксама я прывёз медыцынскую перадачу, але яе таксама адмовіліся прымаць. Яму патрэбныя медыцынскія прэпараты, а дэ-факта атрымліваецца, што яго пазбавілі медыцынскай дапамогі", — абураецца бацька палітвязня.

22 сакавіка Міколу змагла наведаць адвакатка. Яна кажа, што выглядае ён нядрэнна, хоць у цэлым абстаноўка цяжкая. Яна назвала Міколу моцным чалавекам і дадала, што "ён будзе змагацца, наколькі гэта магчыма".

Мікола Дзядок быў затрыманы ў лістападзе 2020-га, моцна збіты пры затрыманні і асуджаны на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сваю віну на судзе ён не прызнаў. Пакаранне адбывае ў калоніі №9 у Горках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі