Нягледзячы на санкцыі, Захад па-ранейшаму залежыць ад ядзернага паліва з РФ

Захаду можа спатрэбіцца не менш за 2 гады, каб пазбавіцца ад залежнасці ад расійскага ядзернага паліва (ілюстрацыйнае фота)

Захаду можа спатрэбіцца не менш за 2 гады, каб пазбавіцца ад залежнасці ад расійскага ядзернага паліва (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Многія заходнія краіны, нягледзячы на санкцыі і спробы разарваць эканамічныя сувязі з Крамлём, па-ранейшаму залежаць ад расійскага ядзернага паліва для сваіх рэактараў. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе брытанскай арганізацыі, якая займаецца абароннымі даследаваннямі, паведамляе "Голас Амерыкі".

Каралеўскі аб'яднаны інстытут абаронных даследаванняў адзначае, што "Расія можа скарыстацца няўзгодненасцю санкцый або іншых абмежаванняў, а таксама кантрактнай залежнасцю або праблемамі з пастаўкамі, якія захоўваюцца, каб захаваць доступ да заходніх ланцужкоў паставак ядзернага паліва і працягваць атрымліваць даходы ад экспарту ўзбагачанага ўрану".

Паводле ацэнак аўтараў дакладу, у 2023-м РФ прадала ўзбагачанага ўрану на 2,7 мільярда долараў. Мяркуецца, што летась расійская дзяржкарпарацыя "Расатам" паставіла ў краіны ЕС каля 30% набытага імі ўзбагачанага ўрану, і 23% — у ЗША.

Адным з найбуйнейшых пакупнікоў узбагачанага ўрану з Расіі з'яўляецца Францыя, дзе 56 ядзерных рэактараў выпрацоўваюць каля 2/3 электраэнэргіі ў краіне. З пачатку 2022-га гэты імпарт з РФ павялічыўся на 184%. І гэта нягледзячы на палітычную напружанасць паміж Парыжам і Масквой з-за ўварвання ва Украіну.

Каралеўскі аб'яднаны інстытут абаронных даследаванняў не выключае, што заходнім кампаніям можа быць складана ўнесці змены ў доўгатэрміновыя кантракты з "Расатамам". Эксперты мяркуюць, што Захаду спатрэбіцца не менш за 2 гады, каб пазбавіцца ад залежнасці ад расійскага ядзернага паліва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі