Нацархіў закрыў базу рэпрэсаваных, каб не шукалі пацвярджэннняў для Карты паляка

Нацархіў закрыў базу рэпрэсаваных, каб не шукалі пацвярджэннняў для Карты паляка

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) закрыў доступ да базы даных "Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі". Гэта адзіная і найбольш поўная крыніца звестак аб рэпрэсаваных у 1920-1950-я гады жыхарах Савецкай Беларусі.

Ігар Станкевіч, які судзіўся з архівам за права доступу да базы, прайграў у судзе. Як піша "Новы час", 27 ліпеня судовая калегія Мінгарсуда пакінула без зменаў рашэнне суда Першамайскага раёна сталіцы і не задаволіла апеляцыйную скаргу Станкевіча — нашчадка рэпрэсаваных і каардынатара кампаніі "Забітыя, але не забытыя". 

Упершыню па звесткі аб рэпрэсаваных продках Станкевіч звярнуўся ў Нацархіў у 2014 годзе. Тады яму далі ў поўным аб'ёме звесткі аб расстраляных у Оршы прабабулі і прадзядулю. Напрыканцы 2018-га ён накіраваў запыт на іншых рэпрэсаваных сваякоў, але НАРБ даў яму толькі шыфры архіўна-следчых спраў у архівах КДБ і парэкамендаваў звярнуцца па месцы захоўвання матэрыялаў. 

Выявілася, што яшчэ напрыканцы 2018 года кіраўніцтва НАРБ унутраным дакументам перавяло базу ў разрад "для службовага карыстання". Доступ да яе цяпер маюць толькі некалькі супрацоўнікаў архіва. Між тым, яшчэ ў 2017 годзе першы намеснік міністра юстыцыі С.Задзіран у адказе на запыт іншага нашчадка рэпрэсаваных Дзмітрыя Дразда сцвярджаў: "База даных "Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі" не ўтрымлівае абмежаванні для службовага карыстання".

База давала магчымасць кожнаму жыхару Беларусі атрымаць звесткі пра любога рэпрэсаванага, не пацвярджаючы сваяцтва. Такой магчымасці не дае, напрыклад, архіў КДБ.

"Колькасць імёнаў тут у 2,5—3 разы большая, чым у адкрытых базах таго ж расійскага "Мемарыялу" або беларускай "Картатэкі Сталіна". Па сутнасці, гэта дакументальны помнік з імёнамі ахвяраў савецкага таталітарызму. Але ў снежні 2018 года НАРБ неправамерна схаваў яго ад шырокай аўдыторыі, ад сотняў і тысяч нашчадкаў рэпрэсаваных, ад усяго грамадства. У адпаведнасці з унутраным палажэннем, база выкарыстоўваецца толькі ў службовых мэтах і не прызначаная для складання статсправаздачы, аналітыкі, правядзення гістарычных даследаванняў. То бок, гэта мёртвы масіў даных. А прадстаўляюцца звесткі з яе цяпер настолькі мізэрныя, што звяртацца ў архіў больш не мае сэнсу", — заяўляе Ігар Станкевіч.

Намесніца дырэктара НАРБ Алена Кушнова заявіла, што база заснаваная не на дакументах Нацархіва, таму ўстанова не мае магчымасці праверыць яе сапраўднасць. Дакументы захоўваюцца ў архівах КДБ і МУС. Таму з 2018 года НАРБ рэкамендуе звяртацца па месцы захоўвання архіўна-крымінальных спраў. 
Па словах Кушновай, раней карыстальнікі часта наракалі, што ў звестках з гэтай базы было шмат памылак. "Так, мы падавалі. Потым мы атрымлівалі яшчэ шмат скаргаў ад грамадзян, што няправільна ўказаны год нараджэння, не тая нацыянальнасць", — тлумачыць яна.

Незадавальненне архівістаў выклікала і тое, што часта іх базу выкарыстоўвалі, нібыта, няправільна. "Гэтая база даных была выкарыстана для іншых мэтаў грамадзян — Карта паляка... Сваякі казалі: "Нам не важна, што ён быў рэпрэсаваны, нам звесткі не трэба. Нам трэба, калі ён будзе палякам". Было і такое", — заявіла Кушнова ў судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі