Вы тут

На аднаўленне касцёла ў Будславе сабралі амаль 400 тысяч рублёў

Агонь знішчыў дах касцёла ў Будславе​ / @budslau

Амаль 400 тысяч рублёў паступіла на рахунак пацярпелага ад пажару Будслаўскага касцёла. "На 17 траўня на 18.20 ахвяраваныя 388.221 беларускіх рублёў", гаворыцца ў тэлеграм-канале "Адновім Будслаў разам!". Гэты тэлеграм-канал быў створаны ў парафіі для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння.

Напярэдадні ў касцёле планавалі працы на даху — збіраліся расчышчаць яе ад попелу і дробнага смецця, але перашкодзіў дождж. У выніку валанцёры працавалі ўнутры — разабралі лаўкі, і вынеслі іх з будынка. Мяркуецца, што сёння яны таксама будуць працаваць унутры касцёла.

Пажар у касцёле ў Будславе адбыўся 11 траўня. Абраз Маці Божай Будслаўскай і іншыя каштоўнасці паспелі вынесці, агонь знішчыў дах. Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 304 КК РБ (Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры).

Для ліквідацыі наступстваў і аднаўлення касцёла была створана спецыяльная камісія на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Адначасова пачаўся збор ахвяраванняў. На гэтую народную ініцыятыву праз некалькі дзён адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што "без дзяржавы яны ні чорта не зробяць усё роўна" і "ні чорта яны не збяруць". Пры гэтым ён даручыў старшыні мінскага аблвыканкама Аляксандру Турчыну дапамагчы, але не спяшацца. "Спецыялісты хай вызначацца, абследуюць, што трэба зрабіць", сказаў Лукашэнка.

17 мая наступствы пажару ў Будслаўскім касцёле і яго аднаўленне абмяркоўвалі  падчас сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік і Апостальскі Нунцый, арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Пра што канкрэтна ішла размова, прэс-служба МЗС Беларусі не ўдакладніла.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік і Апостальскі Нунцый, арцыбіскуп Антэ Ёзіч /mfa.gov.by

Касцёл у Будславе з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а Будслаўскі фестываль унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.