МЗС Беларусі пагражае крымінальнымі справамі за санкцыі супраць краіны

МЗС Беларусі / Sputnik.by

МЗС Беларусі / Sputnik.by

Міністэрства замежных спраў Беларусі апублікавала "разгорнуты каментар у сувязі з шэрагам заяваў Еўрасаюза". Гаворка ідзе пра рэакцыю ЕС і асобных краін аб'яднання на адзіны дзень галасавання. У Брусэлі вынікі "выбараў" палічылі нелегітымнымі.

Успомнілі ў МЗС і апошнія санкцыі. Чарговыя абмежаванні былі ўведзеныя на мінулым тыдні. У сувязі з гэтым МЗС прыгразіў новымі крымінальнымі справамі "ў дачыненні да асоб, якія іх ініцыявалі, у тым ліку ўжо асуджаных за падобныя злачынствы, аднак усё яшчэ ўхіляюцца за мяжой ад адбыцця пакарання".

Аўтары заявы абвінавацілі ЕС у "цынічнай двудушнасці". Паводле версіі беларускага замежнапалітычнага ведамства, Брусэль кажа пра "падтрымку народа Беларусі" на фоне незлічоных эканамічных абмежаванняў супраць нашай краіны". Пры гэтым еўрапейскія краіны адмаўляюцца "ад прамога міждзяржаўнага ўзаемадзеяння з уладамі незалежнай і суверэннай Беларусі". А ў Мінску, нагадваюць дыпламаты, "неаднаразова як публічна на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, так і па дыпламатычных каналах заяўлялі пра гатоўнасць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з любымі сіламі на Захадзе, якія гатовыя да такой размовы".

Асобна ў заяве МЗС успомнілі пра палітвязняў. Чыноўнікі з замежнапалітычнага ведамства кажуць, што "ўсе зняволеныя атрымліваюць неабходнае медыцынскае і іншае садзейнічанне ў парадку і аб'ёмах, вызначаных законам". Між тым у лютым у зняволенні памёр ужо пяты палітвязень, журналіст Ігар Леднік.

Брусэлю таксама нагадалі пра мігрантаў, адмову Літвы ад электраэнэргіі з БелАЭС і "непрыхаваную падтрымку Брусэлем выключна празаходніх, русафобскіх і нацыяналістычных сіл". У завяршэнні аўтары заявы выказалі надзею, што ў 2024 годзе "ў Брусэлі з'явяцца больш адказныя і разважныя палітыкі", і тады ў афіцыйнага Мінска з'явіцца шанец "вярнуцца да развіцця прагматычных стасункаў са сваімі суседзямі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі