Вы тут

Мінск зноў выйшаў пагуляць: як прайшоў Марш раёнаў 6 снежня

Велізарны сцяг у квартале "Магістр" / Слухачы Еўрарадыё

Дзверы пад'езда зачыняюцца пад носам у АМАПаўцаў, сілавік дае ляшча таварышу па зброі, а дзяўчынка зычыць бацьку на развітанне: "Убегай!". Усё гэта Марш волі, які прайшоў у Мінску 6 снежня.

Сілавікі падчас яго дзейнічалі больш агрэсіўна і не стаялі-чакалі пратэстоўцаў, а актыўна шукалі іх — у тым ліку і ў дварах. Пратэстоўцы ж, нягледзячы на гэта, усё роўна сабраліся і прайшлі калонамі па сваіх раёнах. 

Глядзіце, як гэта было:

Мяркуючы па фота і відэа, буйныя дэманстрацыі ў Мінску сёння прайшлі ў Заводскім раёне (мікрараён "Шарыкі"), у Грушаўцы, на Старажоўцы. А ў Сухараве было некалькі незалежных адна ад адной калонаў! Шмат людзей выйшла ў Вяснянцы, у раёне станцый метро "Пушкінская" і "Партызанская", у Бараўлянах (Мінскі раён).

Пратэстоўцы гуляюць у Вяснянцы

У іншых раёнах таксама было шматлюдна. Пакуль сілавікі калясілі па Малінаўцы і Паўднёвым Захадзе (там вялікія маршы праходзілі ў мінулыя нядзелі, таму ў гэтых мікрараёнах былі заўважаныя дзясяткі мікрааўтобусаў і аўтазакаў з сілавікамі), у іншых раёнах мінчане гулялі ў поўную моц.

Пратэстоўцы ў мінскім двары / TUT.by

Там, дзе ў пратэстоўцаў усё ж атрымалася сабраць вялікія калоны, сілавікі стараліся зладзіць разгон з затрыманнямі. Вось як гэта выглядала ў раёне ўніверсама "Рыга", дзе людзей затрымлівалі сілавікі ў амуніцыі, падобнай на "форму" байцоў ГУБАЗіК:

Мінская міліцыя заявіла, што 6 снежня "ў розных раёнах сталіцы сабраліся невялікія групы грамадзянаў". Па звестках прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама, затрымана больш за 300 чалавек — як у папярэднія нядзелі, калі маршы былі шматлюднымі.

Затрыманых даставілі ў аддзяленні міліцыі. Супраць іх распачатыя адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 23.34. Вось як гэта выглядала:

Сярод затрыманых 6 снежня — паэт і музыка Уладзь Лянкевіч, акцёр "Беларускага свабоднага тэатра" Аляксей Сапрыкін, сківічна-тваравы хірург Артур Ермаркевіч, дырэктар трэнінгавага цэнтра "Квадратны апельсін" Васіль Пронь. Затрымлівалі таксама "бабулю беларускай рэвалюцыі" Ніну Багінскую — але неўзабаве адпусцілі. А вось 79-гадовую пенсіянерку Ларысу Соўсь пратрымалі ў міліцыі блізу 5 гадзінаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.