Вы тут

Міністэрства фінансаў прапануе адмяніць падатковыя льготы

Міністэрства фінансаў / БЕЛТА

У Беларусі неабходна адмяніць шэраг падатковых ільготаў, іначай існуе рызыка для выканання бюджэту. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко ў ведамасным часопісе "Финансы, учет, аудит".

Па словах Кійко, якія перадае БелаПАН, вялікай нагрузкай для бюджэту сталі выдаткі на ахову здароўя, выкліканыя каранавірусам. Сёлета на ахову здароўя пайшло грошай больш, чым у 2020-м. 

Асноўнай вонкавай рызыкай для беларускага бюджэту чыноўнік назваў расійскі падатковы манеўр у нафтавай сферы.

"З улікам цяперашняга становішча дзяржаве неабходна пайсці на парадкаванне множных падатковых рэжымаў з дапамогай трансфармацыі ў нейкую адзіную сістэму падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці (у тым ліку з яе замацаваннем у Падатковым кодэксе)", — мяркуе намеснік міністра.

Таксама Кійко заявіў, што сёння наспела адмена падатковых ільготаў "пры адначасовым удасканаленні спосабаў іх аплаты". Паводле інфармацыі БелаПАН, памер падатковых ільготаў у 2020 годзе ўлады ацэньвалі ў 5% ВУП.

Чыноўнік дадаў, што Мінфін плануе пашырыць удзел малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў даходах бюджэту.

Бюджэт Беларусі ў 2021 годзе выконваецца з дэфіцытам. Па выніках студзеня-красавіка выдаткі перавысілі даходы на 748,9 мільёна рублёў.

Спярша дзяржаўны бюджэт на 2021 год быў сфармаваны з дэфіцытам 4 мільярды рублёў, цяпер Мінфін мяркуе, што дэфіцыт вырасце да 6 мільярдаў рублёў. Прагназуецца, што бюджэт будзе дэфіцытным да 2023 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.