Вы тут

Месяц пратэстаў у Беларусі: дэкада сумневаў з 19-га па 28-га жніўня

Рабочыя "Беларуськалія" / Еўрарадыё

Месяц таму жыццё беларусаў беспаваротна змянілася. Прэзідэнцкія выбары, пратэсты, затрыманні, гвалт сілавікоў, суды, дзяжурствы ля ізалятараў, штодзённыя мірныя акцыі… 9 верасня Еўрарадыё прыгадала падзеі першых 10 дзён таго, што Лукашэнка называе каляровай рэвалюцыяй, а яго праціўнікі — летам перамен. Што адбывалася далей?

19 жніўня: першае пасяджэнне Каардынацыйнай рады

"МТЗ, выходзь!" Некалькi соцень беларусаў стаяць пад заводам i просяць супрацоўнiкаў далучыцца да забастоўкi. АМАП разганяе пратэстоўцаў. 

 

Пратэст каля МТЗ / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Святлана Ціханоўская заклікае лідараў краін ЕС не прызнаваць сфальсіфікаваных выбараў і "падтрымаць абуджэнне Беларусі". 

У Брэсце памірае яшчэ адзін удзельнік масавых пратэстаў — Генадзь Шутаў. 11 жніўня ён быў паранены ў галаву падчас пратэстнай акцыі. Дактары амаль тыдзень змагаліся за яго жыццё.

У Маладзечне праходзіць жалобнае шэсце. Удзельніцы акцыі неслі ў руках здымкі загінулых, зніклых і збітых амапаўцамі маладзечанцаў і жыхароў іншых гарадоў Беларусі. 

У Мінску праходзіць першае пасяджэнне Каардынацыйнай рады. У прэзідыум уваходзяць нобелеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч, юрыстка Лілія Уласава, прадстаўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, палітыкі Вольга Кавалькова і Марыя Калеснікава, экс-кіраўнік Купалаўскага тэатра Павел Латушка.

200 беларускіх спартоўцаў, сярод якіх прызёры Алімпійскіх гульняў і ўдзельнікі нацыянальных зборных, падпісваюць адкрыты ліст "Спорт у краіне без гвалту".

 

https://youtu.be/IqwCEd41cZ0

20 жніўня: крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі не ўступае ў перамовы з Каардынацыйнай радай. Супраць сябраў КР Генпракуратура распачынае крымінальную справу па 361-м артыкуле КК — "Захоп улады".

Беларускі Хельсінкскі камітэт звяртаецца ў Следчы камітэт па фактах масавых катаванняў, жорсткага абыходжання з людзьмі і гвалту з палітычных матываў у Беларусі. Але крымінальных спраў заведзена не будзе ні праз 10, ні праз 20 дзён пасля гэтага звароту.

 

Уладзімір Макей абураны ціскам на дзяржслужачых і сцвярджае, што яму і яго сям'і ананімна пагражаюць. 

Знікае сябра стачкама "Беларуськалія" Дзмітрый Кудзялевіч. Неўзабаве ён знойдзецца ва Украіне і распавядзе, што збег з КДБ праз адкрытую фортку ў прыбіральні.

На МАЗе — першыя звальненні, звязаныя з удзелам у забастоўцы.

 

21 жніўня: “Нафтан” пратэстуе, на БТ — расійскія тэлевізійшчыкі

Аб'яднаны штаб Святланы Ціханоўскай прыносіць у Вярхоўны суд 25 тэчак з доказамі фальсіфікацый, дапушчаных на прэзідэнцкіх выбарах. Сама Ціханоўская, якая па-ранейшаму знаходзіцца ў Літве, звяртаецца да беларускіх рабочых і просіць працягваць і пашыраць забастоўкі. Яна нагадвае, што гэта абсалютна легальны спосаб пратэставаць. На нафтаперапрацоўчым заводзе "Нафтан" больш за 3,2 тысячы чалавек падпісваюцца за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі.

Еўрасаюз пагаджаецца выступіць пасярэднікам пры ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. 

На беларускім тэлебачанні цяпер гаспадараць расійскія спецыялісты. Іх запрасілі замест беларускіх тэлевізійнікаў, якія страйкуюць ці звольніліся па меркаваннях сумлення.

Па ўсім горадзе людзі становяцца ў ланцугі салідарнасці і пакаяння. Курапаты, Багдановіча, Грушаўка, Акрэсціна, Няміга… Зноў пратэстуюць медыкі.

22 жніўня: блакіроўка сайтаў і чацвёртая смерць

Па рашэнні Мінінфарма ў Беларусі блакуюцца каля 40 сайтаў і старонак. У тым ліку афіцыйна абмяжоўваецца доступ да сайта Еўрарадыё, які без тлумачэння прычын быў недасяжны з беларускай тэрыторыі яшчэ з 9 жніўня.

Часова закрывае свой беларускі офіс Viber.

 

Аляксандр Лукашэнка адпраўляе ў адстаўку старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова. На месца Краўцова прызначаны міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Жанчыны ў белай вопратцы з кветкамі і плакатамі зноў выходзяць на мінскія вуліцы, каб заявіць пра свой пратэст супраць гвалту. 

Для расследавання актаў гвалту з боку сілавікоў створаная міжведамасная камісія. Але крымінальная справа па факце забойства ў Мінску дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага дагэтуль не пачатая. Упраўленне Следчага камітэта па Мінску ўжо 11 дзён "праводзіць праверку". Валанцёры пошукава-выратавальнага атрада "Анёл" знаходзяць мёртвым 28-гадовага Мікіту Крыўцова, які знік 12 жніўня. Гэта чацвёрты загінулы ўдзельнік паслявыбарных пратэстаў у Беларусі.

23 жніўня: Лукашэнка з аўтаматам, дубль 1

Тэнісістка Вікторыя Азаранка асцярожна выказалася з нагоды апошніх падзей у Беларусі: "Я не магу нават думаць пра гэта без слёз, калі быць шчырай. Я спадзяюся, галасы людзей пачуюць"

 

Следчы камітэт спяшаецца зрабіць выснову, што смерць Мікіты Крыўцова не звязаная з падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, але неўзабаве яго сябры даказваюць, што хлопец быў удзельнікам пратэстаў.

Чарговы раз па Мінску праходзіць шматтысячны марш. Пратэстоўцы ўпершыню замахваюцца на святая святых — ідуць да плошчы Дзяржаўнага сцяга. Улады сцягваюць туды безліч сілавікоў і тэхнікі і спыняюць іх на падыходах. Каля 19-й на тэрыторыі палаца сядае верталёт ва ўрадавай беларускай ліўрэі. З яго выходзіць кіраўнік Беларусі разам з сынам Мікалаем, у руках ён трымае аўтамат Калашнікава без магазіна. Пасля таго як пратэстоўцы сышлі, Аляксандр Лукашэнка выходзіць да ачаплення на праспекце Пераможцаў, каб сказаць "Дзякуй!" амапаўцам. 

24 жніўня: Святлану Алексіевіч выклікалі на допыт

На развітанне з Генадзем Шутавым, застрэленым сілавікамі ў Брэсце падчас вулічных пратэстаў, прыходзяць дзясяткі людзей. На Пушкінскай у Мінску, дзе загінуў дэманстрант Аляксандр Тарайкоўскі, праходзіць перфоманс у памяць ахвяр масавых пратэстаў гэтага лета. Дзяўчыны ў чорным і з чорнымі маскамі на тварах сядзяць уздоўж ходнікаў з лозунгамі і выявамі пацярпелых.

 

Ля прахадной МТЗ затрыманыя сябры прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі, на допыт выкліканая Лілія Уласава і Святлана Алексіевіч. 72-гадовая пісьменніца ўваходзіць у прэзідыум КР, але не прымае ўдзелу ў яе пасяджэннях па стане здароўя. 

На "Беларуськаліі" — "італьянская забастоўка". Гэта значыць, што рабочыя строга выконваюць свае службовыя абавязкі і тэхніку бяспекі. І калі нешта не так — адмаўляюцца працаваць. 

На плошчы Незалежнасці пратэстоўцаў няшмат — і ўпершыню за апошні час з'яўляецца "класічны" АМАП — у масках і з мэтай "хапуна". Дэманстрантам, якія прыйшлі на плошчу, круцяць савецкія песні. А яны спрабуюць перакрычаць іх! Людзей затрымліваюць. 

 

25 жніўня: долары ў абменніках прадаюць па 2,7 рубля

У Следчым камітэце дапытваюць сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады. Тым часам Кавальковай і Дылеўскаму прысуджаюць па 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і супраціў пры затрыманні.

Долары ў абменніках ужо прадаюць па 2,7 рубля, еўра — па 3,17 рубля.

Невядомыя людзі зрываюць бел-чырвона-белыя сцягі з высотак па ўсім Мінску.

У Маладзечне развітваюцца з Мікітам Крыўцовым. На цырымонію прыйшлі сваякі і сябры хлопца. Шмат футбольных фанатаў — Крыўцоў заўзеў за ФК "Маладзечна".

 

Супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі становяцца ў Ланцуг салідарнасці з пратэстоўцамі. Настаўнікі выйшлі да Мінадукацыі, каб выказаць сваё меркаванне пра словы Лукашэнкі. Яны не згодныя, што ў школе мусяць працаваць толькі ідэалагічна правільныя людзі. 

На плошчы незалежнасці чарговы пратэст. На Камароўцы — праўладны мітынг.

26 жніўня: людзей блакуюць у Чырвоным касцёле

Пад эгідай Генпракуратуры створана міжведамасная камісія па вывучэнні абставін прымянення фізічнай сілы і спецсродкаў падчас масавых пратэстаў у Беларусі. 

Літва пашырае санкцыйны спіс беларускіх чыноўнікаў з 32 да 118 прозвішчаў.

Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч прыйшла на допыт у Следчы камітэт. "У нас на вачах ствараецца нацыя. Беларуская нацыя. Беларускі народ. Сёння, калі мы бачым гэты шматтысячны рух людзей, іх твары... Кожны з нас ганарыцца сваім народам", — кажа яна людзям, якія прыйшлі яе падтрымаць.

 

З Купалаўскага тэатра звольненыя 58 супрацоўнікаў. Акторы, рэжысёры, памочнікі рэжысёраў і іншыя.

“Дыджэі перамен" Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў з'язджаюць у Літву. Пасля таго як яны ўключылі Цоя на праўладным мітынгу, іх прысудзілі да 10 сутак арышту. Тэрмін мужчыны адбывалі на Акрэсціна. 

Пратэстоўцы ізноў збіраюцца на плошчы Незалежнасці. Журналісты Еўрарадыё і яшчэ каля 50 чалавек заблакаваныя ў Чырвоным касцёле. На плошчы хапун.

 

27 жніўня: Мрочака звольнілі, Васілевіча ізноў затрымалі

Дырэктару РНПЦ "Кардыялогія" акадэміку Аляксандру Мрочаку скасавалі кантракт праз яго грамадзянскую пазіцыю. Медыкі з РНПЦ "Кардыялогія" неаднаразова выходзілі на мірныя пікеты, а ён ім не перашкаджаў.

Удзень сто смелых жанчын сталі ў жывы ланцуг побач з Чырвоным касцёлам у Мінску і праспявалі "Магутны Божа". Іх рукі звязаныя. Увечары пратэстоўцы сабраліся каля Ратушы — а перад пачаткам мерапрыемства былі затрыманыя амаль ўсе прысутныя журналісты. 

 

У Мінску выбаршчыкі выклікаюць на размову дэпутата Палаты прадстаўнікоў Генадзя Давыдзьку. Яны хочуць, каб ён больш актыўна прадстаўляў іх інтарэсы. 

Затрыманы дырэктар Vondel/Hepta, рэкламіст Аляксандр Васілевіч. У офісе агенцтва, а таксама ў галерэі "Ў", адным з уласнікаў якой з'яўляецца Васілевіч, і ў digital-агенцтве Red Graphic, якім кіруе яго жонка Надзея Зелянкова, прайшлі ператрусы.

28 жніўня: Украіна закрываецца 

Кіеў на месяц — да 28 верасня — закрывае ўкраінскія межы для ўезду замежнікаў. Але не для беларусаў, якія знаходзяцца ў крытычных абставінах.

Святлана Ціханоўская запісвае зварот да настаўнікаў: "Вам давядзецца паглядзець у вочы дзецям і іх бацькам". 

На плошчы Незалежнасці зноў мітынг і затрыманні. Хлопцаў просяць прайсці да аўтазакаў, дзяўчат просяць разысціся. АМАП бярэ пратэстоўцаў у кола, а калі размыкае яго, пратэстоўцы ідуць па праспекце Незалежнасці.

Такія падзеі адбываліся ў Беларусі з 19-га па 28-га жніўня. Што было далей і чым скончыўся першы месяц пратэстаў? Прыгадаем наступным разам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.