МАРГ абяцае рэстаратарам абмеркаваць змены працы установаў у жылых дамах

МАРГ абяцае рэстаратарам абмеркаваць змены працы установаў у жылых дамах

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вырашыла супакоіць уладальнікаў бараў, кавярняў і рэстаранаў наконт абмежавання часу працы іх установаў да 23:00.

Як распавядала Еўрарадыё, ведамства падрыхтавала праект адпаведнай пастановы. Кавярням, барам і рэстаранам могуць забараніць працаваць пасля 23:00, калі:

— такая ўстанова размяшчаецца ў жылым будынку і там прадаюцца спіртныя, алкагольныя і слабаалкагольныя напоі;

— супрацоўнікі міліцыі палічаць, што работа ўстановы кепска ўплывае на крымінагенную абстаноўку ў раёне.

У прэс-службе МАРГ кажуць, што прапановы былі ўнесеныя выканкамамі і МУС на аснове зваротаў і скаргаў грамадзян.

"Хочам падкрэсліць, што пакуль гэта толькі праект і ў працэсе працы ён будзе мяняцца. Учора праект быў накіраваны на ўзгадненне з зацікаўленымі ведамствамі і ўдзельнікамі рынку. У бліжэйшы час чакаем іх прапановы па яго рэдакцыі",цытуе БЕЛТА заяву прэс-службы МАРГ. 

У ведамстве абяцаюць правесці сур'ёзную працу па пошуку кампраміснага рашэння. Пасля ўзгаднення праекта пастановы з ведамствамі і ўдзельнікамі рынку тэкст будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. Яго апублікуюць на Нацыянальным прававым партале, і ахвочыя змогуць выказаць свае прапановы.

Таксама ў МАРГ кажуць, што ў студзені стварылі міжведамасную працоўную групу па развіцці грамадскага харчавання. Яна створаная для падтрымкі галіны ў сувязі з эпідэміялагічнай і эканамічнай сітуацыяй, выкліканай COVID-19. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі