Барам, якія знаходзяцца ў жылых дамах, хочуць забараніць працаваць пасля 23:00

Ілюстрацыя / ivatsevichy.by
Ілюстрацыя / ivatsevichy.by

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падрыхтавала праект пастановы, па якой кавярням і барам могуць забараніць працаваць пасля 23:00, калі:

— установа грамадскага харчавання знаходзіцца ў жылым будынку і там прадаюцца спіртныя, алкагольныя і слабаалкагольныя напоі;

— супрацоўнікі міліцыі палічаць, што работа ўстановы пагаршае крымінагенную абстаноўку ў раёне.

Пастанова яшчэ не прынятая, а калі будзе прынятая, то ўступіць у сілу ў ліпені. Па законе праект павінен быць вынесены на грамадскае абмеркаванне. У сацсетках яно ўжо пачалося, першымі на дакумент адрэагавалі рэстаратары.

"У Беларусі, напэўна, каля 80 адсоткаў усіх устаноў размешчаны ў жылых дамах. І там прадаецца алкаголь, — расказвае Еўрарадыё рэстаратар Яўген. — У Мінску забарона закране работу кавярняў, бараў і рэстаранаў на праспекце Незалежнасці, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай, Карла Маркса, у Траецкім прадмесці, ва ўсіх спальных раёнах. У Брэсце, Гродне і іншых гарадах — на пешаходных вуліцах".

Барам, находящимся в жилых домах, хотят запретить работать после 23:00
Вуліца Рэвалюцыйная ў Мінску / lookmytrips.com

Суразмоўнік тлумачыць, што ў нашай краіне практычна няма будынкаў, якія стаяць асобна, прызначаных для грамадскага харчавання. Нават у сталіцы іх можна пералічыць па пальцах.

Што да другога пункта, Яўген прыводзіць прыклад:

"Уявіце, што хто-небудзь хоча адкрыць установу грамадскага харчавання. Супрацоўнік выканкама піша ў міліцыю: "Як вы думаеце, калі адкрыецца рэстаран або бар з алкаголем, ёсць рызыка пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі?" Любы чалавек адкажа, што рызыка ёсць, таму што яна ёсць заўсёды. А раз рызыка ёсць, прыходзім да пастановы Саўміна і абмяжоўваем работу да 23:00. Гэта смерць Зыбіцкай. Смерць практычна ўсім установам, дзе прадаецца алкаголь".

Раней супрацоўнік міліцыі павінен быў абгрунтаваць сваю пазіцыю і разбірацца індывідуальна з кожнай праблемай. А цяпер ідэя такая: забараніць усім працаваць пасля 23:00.

"Ніхто не спрачаецца, што праблемныя ўстановы ёсць. І менавіта для таго, каб аператыўна спраўляцца з праблемамі, міліцыя атрымлівае заробак, — працягвае Яўген. — А такі падыход выклікае не проста пачуццё раздражнення — вынясенне такіх праектаў для мяне нонсэнс".
 

МАРГ: Спадзяемся, што будзе знойдзены кампраміс

"Мы хочам падкрэсліць, што пакуль гэта толькі праект, і ў працэсе працы ён, вядома, можа мяняцца, — расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе МАРГ. — 28 студзеня ён быў адпраўлены на ўзгадненне ўсім зацікаўленым. У тым ліку ўдзельнікам рынку — для таго, каб яны нам накіравалі свае прапановы. Уласна, гэтых прапаноў мы і чакаем. Праўда, мы не чакалі іх у публічнай прасторы — мы чакалі іх для таго, каб працягнуць працу над гэтым праектам пастановы і знайсці нейкі кампрамісны варыянт. І спадзяемся, што мы яго знойдзем".

Па словах прадстаўніка МАРГ, ініцыятыва праекта ішла ад выканаўчых уладаў. Пры працы над ім улічваліся прапановы, унесеныя на аснове зваротаў і скаргаў грамадзян. "Улічваючы тое, што гэтыя нормы закранаюць інтарэсы суб'ектаў гаспадарання, бізнесу і грамадства, мае адбыцца пошук такога кампраміснага рашэння", — дадаюць у МАРГ.

     

Што важнейшае: бізнес або скаргі жыхароў?

У Мінску рэстаранны бізнес сур'ёзна зарэгуляваны. І гаворка нават не пра стос журналаў, якія трэба запаўняць падчас работы кавярні. Улады аператыўна рэагуюць на скаргі жыхароў: пасля іх установа можа быць закрытая. А ў 2014 годзе жыхары вуліцы Карла Маркса настаялі на тым, каб яна перастала быць пешаходнай — пасля літаральна некалькіх выхадных усеагульнай весялосці на ёй. Ці можна ўявіць падобнае ў турыстычным цэнтры Львова, Парыжа ды і любога іншага еўрапейскага горада, дзе турысты гуляюць па барах з ночы да раніцы?

Разнастайныя ўстановы грамадскага харчавання са сваёй індывідуальнай ідэяй, кухняй, напоямі робяць прывабнымі нават самыя несамавітыя куткі свету. У сталіцы Беларусі, не кажучы ўжо пра іншыя гарады, ужо быў перыяд, калі большасць устаноў грамадскага харчавання працавала да 23:00. Ад нуды мінчукі ўцякалі на выхадныя ў Вільню, Кіеў, Варшаву і Маскву, дзе і пакідалі свае кроўна заробленыя.

За апошні год праз каранавірус і палітычны крызіс у Беларусі і так закрыліся дзясяткі кавярняў, бараў і рэстаранаў. Пастанова, якая вельмі не падабаецца рэстаратарам, можа адкінуць грамадскае харчаванне на дзесяць гадоў таму: мінулы раз рэгуляцыі, якія забаранялі кавярням і барам працаваць пасля 23:00, у Мінску скасавалі ў 2010-м.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі