Хацкевіч не стаў пісаць заяву на фанатаў, якія на яго напалі

Аляксандр Хацкевіч

Аляксандр Хацкевіч / gettyimages.at

Аляксандр Хацкевіч не стаў пісаць заяву на фанатаў, якія на яго напалі на трэніроўцы "Заглэмбе". "Палічылі, што нам трэба быць вышэй за гэта, 20 вясковых фанатаў нас не запалохаюць", кажа спартыўны дырэктар клуба Міхаіл Залеўскі.

Польскія журналісты даведаліся, што "радыкальна настроеныя фанаты" каманды прыйшлі на базу клуба і пасля размовы з Хацкевічам ударылі яго. "Некалькі чалавек, самых актыўных, падскочылі да галоўнага трэнера і спрабавалі нанесці ўдары,расказвае ў інтэрв'ю "Трыбуне" Залеўскі. — Удар аднаго [Аляксандр Хацкевіч] заблакаваў, але другі ззаду цішком ударыў рукой. Спрабавалі яшчэ і нагамі неяк закрануць, ударыць... Людзі, якія бачылі вайну ва Украіне, рэвалюцыю ў Беларусі, не спалохаюцца 20 фанатаў. Але, паўтаруся, рэальна білі рукамі, прычым некаторыя цішком, ззаду, нагамі хацелі падчапіць. Але каманда заступілася за трэнера, лакалізавала сітуацыю. Ніхто ў баку не заставаўся".

Фанаты выказвалі незадавальненне чарговым паражэннем "Заглэмбе" ў футбольным чэмпіянаце Польшчы. Пры гэтым усе яны былі ў масках. Усё працягвалася каля 20 хвілін. Пасля таго, як фанаты з'ехалі, Хацкевіч правёў трэніроўку каманды. І тут прыехала паліцыя — яе хтосьці выклікаў.

"Мы адмовіліся пісаць заяву", — кажа Міхаіл Залеўскі. Ён здзіўляецца, што кіраўніцтва клуба ніяк не адрэагавала на інцыдэнт.

Аляксандр Хацкевіч быў вядомым беларускім футбалістам, пасля пачаў кар'еру трэнера, ачольваў нацыянальную зборную Беларусі (2014-2016). Працяглы час ён жыве ва Украіне. У 2022-м Хацкевіч крытычна выказаўся пра пазіцыю беларускіх спартсменаў у дачыненні расійскай агрэсіі, заклікаў беларусаў не баяцца і гаварыць праўду пра тое, што адбываецца ва Украіне. А яшчэ ён далучыўся да свабодных спартсменаў Беларусі.

Кантракт з "Заглэмбе" з Сасноўца, аўтсайдэрам польскага Д2, беларус падпісаў у пачатку 2024 года. Спартыўным дырэктарам стаў былы гендырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі, які ў 2020-м падтрымаў пратэсты ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі