Вы тут

Казахстанскія банкі адмаўляюцца пералічваць грошы беларускім кампаніям

Казахстанскія банкі не хочуць трапіць пад санкцыі праз Беларусь / Reuters

Беларускія прыватныя кампаніі адчуваюць праблемы з пералікам грошай з казахстанскіх банкаў. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 19 траўня паведаміў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

"Літаральна ўчора мы атрымалі інфармацыю, што пачаліся праблемы з пералікам з казахстанскіх банкаў на беларускія малыя прадпрыемствы нават у расійскіх рублях. Гэта зусім новая сітуацыя для нас, якую трэба асэнсаваць", — заявіў ён.

Калінін распавёў, што пасля ўвядзення міжнародных санкцый беларускія кампаніі меркавалі праводзіць міжнародныя разлікі праз казахстанскія банкі. І спярша нават атрымалі ад іх згоду. "Мы хацелі праз Казахстан разлічвацца ў еўра, а зараз немагчыма правесці нават расійскія рублі", — паскардзіўся старшыня БСП.

Па словах Калініна, гаворка ідзе пра частку казахстанскіх банкаў. "Яны баяцца трапіць пад санкцыі. Ім свая кашуля бліжэйшая да цела", — дадаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.