Калі вырастуць тарыфы на ЖКП у 2024 годзе і на колькі падаражэе ацяпленне

Беларускія грошы / Еўрарадыё

Беларускія грошы / Еўрарадыё

За 2024 год тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі будуць падвышацца два разы — як і ў 2023-м. Гэта адбудзецца 1 студзеня і 1 чэрвеня. Пра такі план уладаў журналісту "Люстэрка" як фізічнай асобе паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка падчас прамой тэлефоннай лініі.

— З 1 студзеня будзе першае павелічэнне. Не скажу, што канкрэтна падаражэе, гэтым пытаннем займаецца МАРТ. Але будзе невялікае павелічэнне — у межах паловы базавай велічыні па сярэдняй кватэры, на сёння гэта 18,5 рубля па сярэдняй кватэры, — сказаў Андрэй Рамашка. — З 1 чэрвеня падаражэюць ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Як звычайна, як штогод у межах устаноўленага гадавога ліміту.

Аднак прыбаўка па тарыфах на ЖКП можа быць вышэйшай за 18,5 рублі — таму, што з 1 студзеня, як правіла, падвышаецца і памер базавай велічыні. Пакуль што ўлады не паведамілі пра чарговае падвышэнне.

Андрэй Рамашка таксама ўдакладніў, што ўлады не маюць намеру падвышаць тарыфы на ацяпленне да чэрвеня 2024 года:

— Ацяпленне ў гэтым ацяпляльным сезоне будзе па тым тарыфе, які цяпер дзейнічае. Ён будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня. Міністэрства энергетыкі з МАРГ вызначаюць тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Тарыф застанецца зімой нязменным, ён такім будзе да чэрвеня.

Да 2023 года тарыфы на ЖКП павышаліся ў межах 5 долараў за год у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні паслугаў. Аднак сёлета чыноўнікі змянілі парадак коштаўтварэння. Рост тарыфаў прывязалі да базавай велічыні.

Такім чынам, ужо сёння мы бачым, што жыроўка ў 2024 годзе пацяжэе больш, чым на $5.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі